Вот такая семья живёт в Кордоне Шумилинского района

Актуалии Общество Семья

Пад шчаслівым ветразем дзяцінства

Па бясконцай рацэ жыцця плыве лодка дзяцінства. А ці шчаслівы ветразь у ёй будзе, у многім залежыць ад дарослых. Добра, калі ў сям’і спакойна, надзейна, утульна. На жаль, так бывае не заўсёды. Здараецца, што дзяцей адбіраюць з сям’і па віне бацькоў. І тады ўшчэнт разбіваецца сямейны карабель, а дзецям заўжды хочацца знайсці той адзіны і надзейны бераг дабрыні і любові. Такі бераг знайшоўся для Дзіяны і Мікіты Ермаловічаў у сям’і роднай цёці з Кардона Аксаны Віктараўны Прыгун.
Калі сястру Аксаны Віктараўны пазбавілі бацькоўскіх правоў, то рашэнне ўзяць да сябе дзяцей прыйшло само сабой.  Жанчына, можна сказаць, праніклася болем дзяцей. Яна ведала іх, разумела, хацела падтрымаць і прытуліць да сябе. “А хіба можна было паступіць інакш? – кажа А. В. Прыгун. – Не магла ж я дапусціць, каб мае пляменнікі апынуліся ў прытулку. Кожнае дзіця павінна расці ў клопаце, менавіта ў сям’і закладваюцца асновы характару дзіцяці”.  Аксана Віктараўна, маці траіх сыноў, гэта ведае дакладна. Артур і Андрэй ужо дарослыя, малодшы Жэня ходзіць зараз у шосты клас. І калі шэсць гадоў таму сям’я пабагацела на стрыечных брата і сястру, хлопчык нават абрадаваўся: “Весялей будзе!” З разуменнем аднесліся да рашэння бацькоў і старэйшыя сыны. Яны ведалі, што бацькоўскай цеплыні і клопату хопіць для ўсіх. Так яно і атрымалася. Аксана Віктараўна і Сяргей Васільевіч, спагадлівыя і добразычлівыя людзі,  аднолькава любяць усіх дзяцей, аднолькава пра іх клапоцяцца. Тата перадае хлопчыкам мужчынскія навыкі, якія спатрэбяцца ў жыцці. Ну, а маці вучыць Дзіяну гатаваць, быць добрай гаспадыняй. У сям’і лад і спакой, тут дружна бяруцца за дамашнія справы, любяць жывёлу, у доме ёсць месца для дзіцячых кніг і малюнкаў.  Ну, а калі  і здараюцца якія праблемы, то яны вырашаюцца спакойна і з гумарам.
Дзіяна зараз заканчвае дзявяты клас, Мікіта – пяты. Дзеці дружныя, у іх характары – таварыскасць, разуменне, узаемапавага. Яны дапамагаюць адзін аднаму. Словам усё так, як і павінна быць у сям’і. Дзеці адчуваюць сябе камфортна, могуць падзяліцца з блізкім чалавекам сваімі радасцямі і перажываннямі. Галоўнае, што ў дзяцей ёсць сям’я, дзе іх любяць ужо за тое, што яны ёсць, такія адзіныя і любімыя, са сваімі ўдачамі і поспехамі.
“Сям’я Аксаны Віктараўны Прыгун – прыклад ідэальнай сям’і, бо тут для дзяцей робіцца літаральна ўсё, – расказала дырэктар Кардонскай школы Т. А. Салаўёва. – Усе дзеці растуць у любові і клопаце, яны выхаваныя і дагледжаныя. Разам з мужам Аксана Віктараўна трымае вялікую гаспадарку, саджае агарод. У доме заўсёды чысціня і парадак. Старэйшыя сыны заўсёды прыязджаюць дапамагаць бацькам. У сям’і вучаць узважваць кожнае слова, працаваць над сабой, вучаць самастойнасці ў правільным прыняцці рашэнняў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *