В Шумилино состоялась ярмарка целевой подготовки

Молодёжь Новости Образование Общество

На сённяшні дзень у раёне маецца 158 працоўных вакансій, катастрафічна не хапае як спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, так і з прафесійнай тэхнічнай. Кіраўніцтва раёна вельмі зацікаўлена найперш у тым, каб у нас заставаліся нашы людзі, вярталася пасля вучобы моладзь. І робіць многае ў гэтым напрамку. У прыватнасці, выкарыстоўвае розныя формы работы са старшакласнікамі. Так, 19 студзеня ўпершыню ў раёне на базе Шумілінскай СШ № 1 для вучняў 9-11 класаў установы прайшоў кірмаш мэтавай падрыхтоўкі.

Якія магчымасці дае старшакласнікам удзел у кірмашы? «Многія маладыя людзі аддаюць перавагу такім прэстыжным і модным, на іх думку, прафесіям, як юрыст, эканаміст, менеджар. Але рынак працы сёння дыктуе зусім іншыя ўмовы, – звярнулася да хлопцаў і дзяўчат начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава. – І выбар прафесіі павінен грунтавацца на запатрабаванасці той ці іншай спецыяльнасці на рынку працы і на тым, каб у перспектыве яна прыносіла даход і задавальненне. Мерапрыемства і мае на мэце пазнаёміць шумілінскую моладзь з іх патэнцыйнымі работадаўцамі, а таксама з тымі ўстановамі адукацыі, у якіх яны могуць атрымаць запатрабаваныя ў раёне спецыяльнасці і прафесіі.

Плюс мэтавага накіравання ў тым, што выпускнікі школы абдумана выбіраюць будучую прафесію, ведаюць свайго работадаўцу і на працягу вучобы кантактуюць, праходзяць практыку, пасля атрымліваюць першае гарантаванае працоўнае месца на тры (выпускнікі каледжаў ці ліцэяў) ці пяць (выпускнікі ВНУ) год. Дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы – гэта самая надзейная інвестыцыя ў будучыню як моладзі, так і раёна.

Абітурыенты, якія маюць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, удзельнічаюць пры паступленні ў асобным конкурсе, што дае магчымасць ім на больш выгадных умовах канкурыраваць з іншымі. «Мэтавікі» здаюць толькі адзін унутраны іспыт у ВНУ – па першым профільным прадмеце ў вуснай або практычнай форме, а яго вынік сумуецца з сярэднім балам атэстата. Фактычна сертыфікаты ЦЭ ці ЦТ у гэтым выпадку не патрэбныя.

На мерапрыемстве старшакласнікі мелі магчымасць паразмаўляць з прадстаўнікамі ЦРБ, Шумілінскага лясгаса, аддзела па адукацыі райвыканкама, Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і Шумілінскай ПМК‑70, даведацца з першых вуснаў пра ўмовы працы, пра тое, як заключыць дагавор.

– Мы вельмі зацікаўлены ў маладых кадрах. Сёння ўжо рыхтуем 5 спецыялістаў-«мэтавікоў», – адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Людміла Доктарава. – І гатовы заключыць больш за 10 мэтавых дагавораў з выпускнікамі школ на абучэнне па такіх спецыяльнасцях, як інжынер лясной гаспадаркі, майстар лесу, вадзіцель аўтамабіля, трактарыст-машыніст.

Шумілінская ПМК‑70 гатова заключаць мэтавыя дагаворы па ўсіх рабочых будаўнічых спецыяльнасцях, Шумілінскай ЦРБ сёння патрабуюцца 7 урачоў і 8 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, у аддзеле па адукацыі райвыканкама ёсць 14 мэтавых дагавораў. Упершыню можна заключыць мэтавы дагавор з Цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. «Наша арганізацыя даволі маладая, мы працуем з 2020 года, – адзначыла кіраўнік цэнтра Ларыса Маладзечкіна. – І сёння мы гатовы заключыць два мэтавыя дагаворы па эканамічных профілях».

– Мэтавы дагавор – гэта ў будучым кадравая  стабільнасць нашага раёна, – падсумавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. – Хочацца, каб праз такія кірмашы старшакласнікі вызначыліся не толькі з будучай прафесіяй, а і з першым месцам работы, і ў чэрвені было заключана як мага больш мэтавых трохбаковых (выпускнік-навучальная ўстанова – прадпрыемства) дагавораў. І будзе вельмі добра, калі першае працоўнае месца будзе гарантавана на малой радзіме. У лютым кірмаш мэтавай падрыхтоўкі пройдзе ў Шумілінскай СШ № 2.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *