В Шумилинском музее открылась выставка работ Ларисы Сафончик

Культура Общество

Пра багаж у 500 работ і новыя творчыя задумы

30 верасня ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы ўдзельніцы музейнага праекта “Народная крыніца” Ларысы Сафончык пад назвай “Феерверк цудоўнага”. Першымі гасцямі выставы сталі дзеці майстра, былыя калегі, сябры і аднадумцы. Супрацоўнікі музея зрабілі ўсё магчымае, каб атрымалася сапраўднае свецкае мерапрыемства, якое б запомнілася ўсім гасцям і стала важнай падзеяй у жыцці самога майстра.

Як апошняя ўсмешка восені і камплімент у адрас людзей залатога ўзросту, была наладжана выстава кампазіцый з кветак – пастараліся самі ветэраны напярэдадні Дня пажылых людзей. Гэта задало радасна-узнёслы тон усяму мерапрыемству, і ў выставачную залу людзі паднімаліся ўжо падрыхтаваныя ўспрымаць цудоўнае. Але тое, што яны там убачылі, перасягнула самыя смелыя спадзяванні. На ват тыя з гасцей, што выдатна знаёмы з творчасцю Ларысы Пятроўны, былі ўражаны яе работамі, разнастайнасцю тэхнік, багаццем ідэй.

Калі пра ўсё па парадку, то радасць творчасці Ларыса Пятроўна адкрыла для сябе толькі, калі пайшла на заслужаны адпачынак. Як гэта часта бывае, у гэтым жанчына шукала нейкае забыццё, выратаванне ад жыццёвых нягод. А потым, прызналася, так захапілася, што спыніцца цяпер складана.

Гэтага майстра сярод іншых вызначае нястомнасць у адкрыцці для сябе новых тэхнік. Пачынала яна, як і многія, працаваць з бісерам, вышываць. Цяпер жанчына валодае больш як 20-ццю тэхнікамі, сярод якіх і такія “экзатычныя”, як ганутэль, асамбляж, stempank і многія іншыя. Ідэі “падглядае” ў майстроў на Славянскім базары, у інтэрнэце. Зараз Л. П. Сафончык асабліва захапілася вырабамі з насення, робіць кампазіцыі з пер’яў, ваты, шэрсці, пацерак, дроту, фаамірану і іншых матэрыялаў. Нагул, у  творчым багажы майстра – больш за 500 работ. Ва ўсіх пачынаннях жанчыну падтрымлівае сям’я, дзеці, муж, унукі. Яна прызналася, што на дасягнутым спыняцца не збіраецца, а дакладней – проста не зможа. Запал жанчыны – прыклад для многіх яе саратніц. Усе, хто браў слова на свяце, сышліся на тым, што Ларыса Пятроўна не толькі ўнікальны майстар, але і ва ўсіх сэнсах добры чалавек, прыстойны, працавіты, міласэрны.

Але колькі б слоў пра майстра і яе работы мы б не напісалі, самым лепшым будзе наведаць выставу ў музеі, якая будзе працаваць да канца кастрычніка.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



1 комментарий по теме “В Шумилинском музее открылась выставка работ Ларисы Сафончик

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *