В Мишневичах вырастили кукурузу, в которой можно заблудиться

Экономика

“Гонкая ды густая, што заблудзіцца можна”

Для большасці гаспадарак раёна сёлетні год не кукурузны. Але ж калі прыязджаеш у КУСГП “Мішневічы”, здаецца, нібыта трапіў у іншую вобласць і не перастаеш у чарговы раз здзіўляцца: кукуруза стаіць сцяной.
Якім чынам удалося вырасціць такі ўраджай (на круг – 250 цэнтнераў з гектара) – пра гэта мы гутарым з дырэктарам КУСГП  “Мішневічы” М. Г. Цікавенкам (на здымку). Міхаіл Герасімавіч падыходзіць да краю кукурузнага поля, падымае ўгару руку і з задавальннем кажа: “Прыгажуня! Я  з паднятай рукой два метры дваццаць сантыметраў. А да макушкі кукурузы так і не дастаў”.
У гэтым годзе ў Мішневічах да вырошчвання кукурузы падышлі ўмела і па-гаспадарску здолелі абысці недахоп азотных ўгнаенняў. “У Мінскай вобласці пад дагавор з адтэрміноўкай плацяжу на восень набылі чатыры тоны кукурузы гатунку “краснадарскі”, засеялі 150 гектараў, – расказаў Міхаіл Герасімавіч. – Практычна ўсе палеткі размясцілі непадалёк ад фермы Заўсыска. Арганікі не шкадавалі, угноілі палеткі добра. А на тыя 25 гектараў, дзе больш за дзесяць гадоў была паша, дык увогуле гной не вазілі. Як паказвае жыццё, на такіх участках кукуруза добра расце і так.  З хімпраполкай не спазніліся, зрабілі своечасова. І кукуруза ўзнялася – вунь якая гонкая ды густая, што заблудзіцца можна, нібыта ў лесе. Праўда, пачаткі яшчэ ў фазе малочнай спеласці. Калі б сёння быў пачатак верасня, дык чакалі б, каб кукуруза  выспела. А ў другой палове кастрычніка чакаць няма калі – халады прыспешваюць”.
У КУСГП “Мішневічы” ўбіраюць кукурузу на сілас. На кормаўборачным камбайне працуе Аляксандр Новік, які за дзень здрабняе да трохсот тон. Тры трактары ледзь паспяваюць адвозіць зялёную масу ад КВК да фермы Мішневічы. Там на адкрытай асфальтавай пляцоўцы трамбуюць сілас “Амкадорам”. Калі ў “сіласнай гары” будзе тысяча тон, яе закрыюць плёнкай, а зверху саломай. Такія «курганы» мяркуюць зрабіць ля кожнай з трох фермаў гаспадаркі і нарыхтаваць  тры тысячы тон сіласу на зіму. Толькі б не задажджыла – мішневіцкія палеткі нізкія, і пасля ліўняў туды не заехаць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №82 ад 20.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *