Депутаты Шумилинского райсовета обсудили состояние рынка труда в районе и другие вопросы

Актуалии Президент Экономика

Кожны павінен уносіць свой уклад у эканоміку раёна

9 чэрвеня адбылася чарговая саракавая сесія раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання. У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, члены райвыканкама, на пасяджэнне былі запрошаны начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі раённых службаў, арганізацый і прадпрыемстваў, начальнікі падраздзяленняў УП ЖКГ.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што ў якасці асноўнага вынесена вельмі актуальнае пытанне аб стане рынку працы і мерах, якія прымаюцца па забеспячэнні занятасці насельніцтва раёна. Пытанне пастаянна знаходзіцца на кантролі Кіраўніка дзяржавы, урада краіны, органаў улады ўсіх узроўняў. Яно было разгледжана на пасяджэнні райвыканкама. Аналіз паказвае, што сітуацыя на рынку працы не выходзіць за межы трываласці, прымаюцца меры па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Тым не менш, як падкрэсліла Ірына Мікалаеўна, работа па зніжэнні напружанасці на рынку працы патрабуе актывізацыі, бо больш за 1100 чалавек не ўцягнуты ў эканоміку раёна, каля 600 жыхароў раёна працуюць за яго межамі і за межамі краіны.
Дакладчык начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Валекава адзначыла, што працоўныя рэсурсы раёна складаюць 10675 чалавек, заняты ў раёне толькі 7639 чалавек. Каля трох тысяч чалавек не задзейнічаны ў эканоміцы раёна, з іх толькі 76 – зарэгістраваныя беспрацоўныя. Упраўленнем праведзена работа па абследаванні і выяўленні незанятага насельніцтва. Праведзены кірмаш вакансій, на які звярнуліся каля ста чалавек, 26 з іх уладкаваны на працу. У службу занятасці звярнуліся за пяць месяцаў 247 чалавек, 140 былі зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных, большасць былі ўладкаваны на працу. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы складае 1,0 (колькасць вакансій роўная колькасці беспрацоўных), але, як адзначыла Святлана Валянцінаўна, праблема заключаецца ў тым, што прадпрыемствам патрабуюцца спецыялісты, а працу шукаюць грамадзяне, якія, як правіла, не маюць прафесійнай адукацыі. Больш за палову беспрацоўных – жанчыны з агульнай сярэдняй адукацыяй. Упраўленне прымае пэўныя меры па накіраванні беспрацоўных на курсы для набыцця прафесіі ці перакваліфікацыі, на сезонныя ці на грамадскія аплачваемыя работы.
Дакладчык адзначыла і такія тэндэнцыі, як зніжэнне ў выніку аптымізацыі спісачнага ліку работнікаў па арганізацыях раёна (найбольшая змяншэнне работнікаў у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – 57 чалавек), 7 арганізацый працуюць ва ўмовах няпоўнай занятасці. Выйсце адно –стварэнне новых працоўных месцаў, але за 5 месяцаў створана толькі 5 з 60 запланаваных на год.
Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама вядзецца работа з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, арганізацыямі раёна па другаснай занятасці вучнёўскай моладзі – сёлета 38 вучняў са школ раёна будуць працаваць на добраўпарадкаванні, рамонце школьнай мэблі, шыцці бялізны і іншых работах, што дазволіць ім зарабіць грошы і быць занятымі ў летні час.
У ходзе абмеркавання пытання старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў заўважыў, што ў раёне вядзецца пошук інвестараў, якія б маглі адкрыць новыя прадпрыемствы і вытворчасці: прайшлі перамовы аб адкрыцці кандытарскай вытворчасці на базе хлебазавода, плануе пашыраць вытворчасць прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства МВ-17, вядуцца перамовы аб адкрыцці швейнай вытворчасці ў Обалі. Кіраўнік раёна прапанаваў рэгулярна праводзіць кірмашы вакансій.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава звярнула ўвагу на тое, што трэба актыўней прапаноўваць людзям магчымасці рамеснай дзейнасці і індывідуальнага прадпрымальніцтва, тым больш, што ёсць шырокае кола паслуг, якія ў раёне не прадстаўляюцца насельніцтву. Ірына Мікалаеўна звярнула ўвагу на недастатковасць інфармацыі пра вакансіі, прапанавала рэгулярна публікаваць такую інфармацыю.
Пры абмеркаванні пытання выступілі дырэктар КУП БАН Віктар Бабічаў, які расказаў пра тое, як прадпрыемства ашукае новыя віды паслуг, работ, як супрацоўнічае з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, каб забяспечыць стабільную і ўстойлівую работу арганізацыі.
Старшыня Мішневіцкага сельскага Савета дэпутатаў Галіна Зязюлька  спынілася на сітуацыі з занятасцю: з 557 працаздольных жыхароў сельсавета маюць працу толькі 277 чалавек. Людзі вымушаны шукаць работу за межамі раёна, выжываюць за кошт сезоннага збору і рэалізацыі ягад і грыбоў. Яна выказала пажаданне, каб мясцовая гаспадарка працавала на пашырэнне вытворчасці, тым больш, што ёсць пустуючыя будынкі ферм.
Аляксандр Снараў падтрымаў прапанову, заўважыўшы, што кіраўнікам існуючых арганізацый таксама трэба думаць над адкрыццём новых вытворчасцяў.
Па другім пытанні парадку дня сесіі «Аб рабоце, якая праводзіцца на тэрыторыі раёна па выкананні Закона Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2007 года “Аб абыходжанні з адходамі”» выступіў дэпутат раённага Савета дэпутатаў намеснік старшыні райвыканкама Алег Быкаў.  Алег Пятровіч спыніўся на рабоце камунальнай службы з цвёрдымі адходамі, на зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Пэўная работа ў гэтых напрамках вядзецца, але яна патрабуе актывізацыі і ўдасканалення. Трэба пераводзіць на кантэйнерны збор адходаў буйныя сельскія населеныя пункты раёна, у тым ліку і на раздзельны збор адходаў. Дакладчык адзначыў тое, што палігон цвёрдых камунальных адходаў у райцэнтры выпрацаваў свой рэсурс, неабходна дабівацца будаўніцтва новага палігона, на якім трэба прадугледзець і сартавальную лінію. Патрабуе паляпшэння сітуацыя па рабоце з ДМР на міні-палігонах у сельскай мясцовасці. Усе яны (зараз іх 16) прыведзены ў парадак, аптымізавана іх колькасць (з 2005 года закрыты 10 міні-палігонаў, сёлета плануецца закрыць яшчэ 2).
Слаба вядзецца работа па нарыхтоўцы ДМР асноўнымі арганізацыямі, якія павінны займацца гэтай дзейнасцю – УП ЖКГ і райпо. За 5 месяцаў сабрана каля 20% неабходнай колькасці адходаў паперы і кардону, шкла, пластыку, не наладжаны збор і перапрацоўка бытавой тэхнікі. Разам з тым прыватнае прадпрыемства, якое займаецца закупам шкла, выканала гадавое заданне амаль на 50%, а дзяржзаказ – на 78%. Магчымае прыцягненне ІП да закупу іншых відаў ДМР дапаможа павялічыць колькасць збіраемай другаснай сыравіны.
Да недахопаў работы УП ЖКГ па зборы адходаў дакладчыкам аднесена работа з насельніцтвам: у сярэднім па раёне ахоплены дагаворамі на вываз адходаў 53% хатніх гаспадарак. У той час, як ў Шуміліне дагаворы заключаны на 82,6%, у падраздзяленнях Лаўжанскае – 68%, Кардонскае – 61,8%, Казьянскае – 57,3%, то ў Обальскім – толькі 20,5%, Башнёўскім і Сіроцінскім – па 33%. Трэба актывізаваць тлумачальную работу з людзьмі ў гэтым напрамку.
У абмеркаванні пытання выступілі дэпутат раённага Савета дэпутатаў галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Конышаў і начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч, якія спыніліся на асобных напрамках работы сваіх службаў па кантролю за работай арганізацый раёна з адходамі.
Выконваючая абавязкі начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Аксана Лебедзева прапанавала ўнесці змяненні ў рашэнне раённага Савета дэпутатаў ад 23 снежня 2016 года №118 “Аб раённым бюджэце”. За кошт паступлення з вышэйстаячага бюджэту 300 тысяч рублёў на адпаведную суму павялічаны даходы раённага бюджэту, сродкі накіраваны УП ЖКГ на капітальны рамонт жылых дамоў, таксама пераразмеркаваны сродкі па некаторых артыкулах бюджэту па фінансаванні ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.
Па прапанове начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Тамары Сідаравай былі ўнесены зняменні ў некаторыя мясцовыя нарматыўныя акты ў сувязі са змяненнем нарматыўна-прававых актаў на рэспубліканскім узроўні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №45 ад 13.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *