Районный гинеколог Татьяна Рудович рассказывает о том, как работает технология ЭКО, кому она показана и почему важно не сдаваться

Главное Здоровье Новости Общество Семья

Шанс на мацярынства

Экстракарпаральнае апладненне даўно перастала быць чымсьці далёкім і незразумелым: для многіх сямей гэта рэальны шанс пачуць доўгачаканае «мама» і «тата». Пра тое, як працуе тэхналогія ЭКА, каму яна паказана і чаму важна не апускаць рукі, мы пагаварылі з раённым гінеколагам Таццянай РУДОВІЧ. Урач, якая кожны дзень сутыкаецца з самымі трапяткімі чалавечымі надзеямі, адкрыта расказвае пра шлях да бацькоўства – няпросты, але поўны магчымасцей і веры.

– Таццяна Віктараўна, што такое ЭКА?

– Экстракарпаральнае апладненне – гэта сучасная тэхналогія, пры якой апладненне адбываецца па-за арганізмам жанчыны, у лабараторыі. Затым эмбрыён пераносяць у поласць маткі, каб наступіла доўгачаканая цяжарнасць.

Працэдура ўключае некалькі этапаў: комплекснае абследаванне сямейнай пары, вызначэнне наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў да ЭКА, стымуляцыю авуляцыі (жанчыне прызначаюць гарманальныя прэпараты для стымуляцыі росту фалікулаў ў яечніках), атрыманне яйкаклетак шляхам пункцыі яечнікаў, апладненне ў інкубатары, перанос эмбрыёнаў і далейшую падтрымку цяжарнасці да пацвярджэння яе наступлення.

– Калі парам варта задумацца аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях?

– Калі жанчына маладзей за 35 гадоў і цяжарнасць не наступае на працягу года, варта звярнуцца да ўрача. Пасля 35 гадоў – ужо праз шэсць месяцаў.

Па Указе Прэзідэнта краіны грамадзянам Рэспублікі Беларусь прадастаўляюцца дзве бясплатныя спробы ЭКА, што для многіх сямей становіцца вырашальнай магчымасцю.

– Якія паказанні да ЭКА часцей за ўсё сустракаюцца ў жыхароў нашага раёна?

– Галоўнае – наяўнасць медыцынскіх паказанняў і адсутнасць супрацьпаказанняў. Узрост жанчыны павінен быць да 40 гадоў. Калі першая спроба завяршылася нараджэннем дзіцяці, права на другую захоўваецца да 49 гадоў. Важна разумець: кожная гісторыя індывідуальная, і рашэнне прымаецца толькі пасля поўнага абследавання.

– Што трэба зрабіць парам, якія плануюць ЭКА?

– Муж і жонка звяртаюцца ў арганізацыю аховы здароўя, праходзяць абследаванне і пры неабходнасці лячэнне. Пасля гэтага атрымліваюць выпіску з рэкамендацыяй на бясплатную спробу ЭКА і накіроўваюцца ў РНПЦ «Маці і дзіця».

– Ад чаго залежыць вынік?

– Ад мноства фактараў: узросту, стану здароўя, якасці палавых клетак. Ёсць рэчы, якія сапраўды ўплываюць: курэнне зніжае верагоднасць наступлення цяжарнасці пасля ЭКА амаль напалову, злоўжыванне алкаголем пагаршае паказчыкі сперматазоідаў. Пры залішняй вазе або дэфіцыце масы цела арганізм можа не «адказаць» на стымуляцыю. Актыўны лад жыцця, харчаванне, багатае вітамінамі і бялкамі, – усё гэта дапамагае арганізму працаваць гарманічна.

– Таццяна Віктараўна, што вы гаворыце тым, хто сумняваецца ці баіцца?

– Самае галоўнае: верце і ідзіце да сваёй мары. Страхі натуральныя, але жаданне стаць бацькамі – мацней.

Тэкст і фота Алены КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *