Зараз, калі гарачая пара жніва мінула, важна правільна паставіць камбайны на захоўванне. Ад таго, як тэхніка правядзе зімовыя месяцы, напрамую залежыць яе гатоўнасць да наступнага ўборачнага сезона.
У КУСГП «Ульскі» да пастаноўкі тэхнікі падышлі з усёй сур’ёзнасцю і строгім захаваннем тэхналагічных стандартаў, расказалі спецыялісты райсельгасхарчу. У арачнік у Лявонаве пастаўлены чатыры камбайны, астатнія тры будуць заняты на ўборцы кукурузы на зерне і насення канюшыны.
«Самае складанае – ачыстка ўсіх сістэм, каб не заставалася ніводнай травінкі, – расказалі Генадзь Кадукоў і Валерый Тупіцын, якіх заспелі за работай каля майстэрні ў Лявонаве. – Каб за зіму вузлы і агрэгаты не сталі ахвярамі карозіі, праводзім комплексную кансервацыю. Аслабляем прывадныя рамяні, каб яны не расцягваліся і не гублялі эластычнасці ад пастаяннага нацяжэння. Усе рухомыя ланцугі абавязкова змазваем. Увага надаецца гідраўліцы: цыліндрычныя штокі ачышчаем і апрацоўваем салідолам, які стварае ахоўны шчыт ад вільгаці».
Заключны важны этап – разгрузка хадавой часткі. Шматтонныя камбайны ставяць на калодкі. Метад дазваляе разгрузіць колы машын, зняць фізічны ціск з пнеўматычных шын і падвескі, захаваць іх у добрым стане да вясны.
Слова – галоўнаму дзяржінспектару па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання райсельгасхарчу Вадзіму СЕЛІХАНАВУ:
– На 12 кастрычніка ў раёне пастаўлена на захоўванне 12 зернеўборачных камбайнаў: па чатыры – у КУСГП «Ульскі» і СУП «Лаўжанскае», тры – у ААТ «Ляжні», адзін – у ААТ «Прыазёрны мір». Усяго ў раёне 27 камбайнаў. Пастаўлены не ўсе, бо на палетках вядуцца работы па ўборцы кукурузы на зерне. Тэхніка будзе пастаўлена на захоўванне ў канцы лістапада.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

