«Купальский» репортаж: костёр, венки и небесные фонарики

Актуалии Культура Новости

Вогнішча, вяночкі і нябесныя ліхтарыкі
Надвор’е ясна давала зразумець, што на сапраўдныя купальскія гулянні шумілінскі народ можа і не разлічваць. У назначаны час да возера прыйшлі толькі самыя смелыя, ну, і вядома, артысты, якія шчыра рыхтаваліся да свята і змірыцца са стыхіяй ніяк не маглі. Можа, гэта іхні аптымістычны настрой прымусіў прыроду змяніць свае планы і абмежавацца рэдкімі маланкамі і цяжкімі чорнымі хмарамі над традыцыйным месцам купальскіх гулянняў. Галоўнае, што абышлося без дажджу. Людзі паціху падцягваліся, і хутка ля возера яблыку недзе было ўпасці. Купальскія гулянні набылі належныя грандыёзнасць і размах. Былі там і малыя дзеці з бацькамі, рэспектабельныя кабеты з кавалерамі, багата моладзі, можна было сустрэць, нават, свежаспечаных жаніха з нявестай у вясельных строях, якія таксама завіталі на гучны купальскі гоман.
Адны гуртаваліся ля сцэны і ахвотна адгукаліся на запрашэнні паўдзельнічаць у гульнях, віктарынах і іншых забавах, якія прапаноўвалі работнікі культуры. Іншыя трымаліся бліжэй да шашлыкоў і каўбасак, марожанага і іншага смачнага, падрыхтаванага да свята раённым гандлем. Там жа прадаваліся сувеніры, цацкі, была арганізавана латарэя, імправізаваны цір, але галоўнае – купальскі касцёр, ля якога многія загадвалі свае запаветныя жаданні. Абавязкова спраўдзіцца жаданне і ў той прыгожай дзяўчынкі, якой усё ж удалося адшукаць прапараць-кветку, кветку шчасця.
Свежы струменьчык у прывычны сцэнар святкаванняў унеслі актывісты ГА БРСМ, якія прапанавалі правесці ў купальскую ноч акцыю “Нябесны ліхтарык”. Цяжка сказаць, ці мае гэта нейкія адносіны да традыцый святкавання Купалля, але феерыя ўдалася.
У небе па чарзе загараліся зорачкі, несучы ўвысь нечыя жаданні, вызваляючы нечыя душы ад дрэнных думак і такога ж настрою. У 23 гадзіны неба над возерам успыхнула дзясяткамі агеньчыкаў, быццам ад агульнага купальскага вогнішча кожны ўзяў сабе па маленькаму язычку полымя і паслаў яго ў космас.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2013.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *