Интернет как источник доходов для махинаторов

Происшествия

Махляр і ў Інтэрнэце махляр

Інтэрнэт трывала ўвайшоў у наша жыццё. Людзі гадзіны праводзяць у сацыяльных сетках, нешта прадаюць, штосьці купляюць.

“Інтэрнэт некаторым дае пачуццё ўсёдазволенасці, – дзеліцца старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Ірына Шэнцава. – Маўляў, рабі, што хочаш, і табе нічога не будзе. Але гэта не так. Жыць трэба па законе як у рэчаіснасці, так і ў віртуальным свеце. Спецыялістам не складае цяжкасцяў вылічыць IP-адрас, а затым і таго, хто выходзіў з яго ў Інтэрнэт”. За любое злачынства, і няма розніцы, дзе яно ўчынена, павінна быць пакаранне, упэўнена Ірына Шэнцава.
Апошнім часам следчыя камітэта ўсё часцей пачалі ўзбуджаць справы па злачынствах, здзейсненых у сусветнай павуціне.
Нядаўна была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да юнака з райцэнтра па факце махлярства ў Інтэрнэце. Хлопец нідзе не працаваў, але “анлайн” быў заўсёды. Аднойчы наткнуўся на сайт для нумізматаў і адкрыў для сябе, што звычайныя савецкія капейкі прадаюцца за добрыя грошы. І тут яму прыйшла ідэя, як можна зарабіць грошы. У Інтэрнэце знайшоў фотаздымак 5 капеек 1933 года выпуску і размясціў гэта фота на аўкцыёне аб продажы манет на сайце “Куфар”.
Жадаючых набыць рэдкую манету было дастаткова, аўкцыён выйграў нумізмат з Полацка. Раніцай палачанін пералічыў на банкаўскую картку гандляра грошы і стаў чакаць пасылку. Зразумеў, што яго ашукалі, пасля таго, як уся кантактная інфармацыя пра гандляра знікла з сайта. Яму не заставалася нічога іншага, як звярнуцца ў праваахоўныя органы.
“Махляра вылічылі за некалькі дзён, – расказвае Ірына Шэнцава. – На допытах малады чалавек напачатку спрабаваў аднеквацца. Сцвярджаў, што нічога супрацьзаконнага не рабіў. І толькі пасля таго, як былі прадстаўлены доказы, што менавіта з яго камп’ютара прадавалі манету, ва ўсім прызнаўся. Меру пакарання вызначыць суд. Крымінальны кодэкс  прадугледжвае за махлярства да трох год пазбаўлення волі”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *