Белорусская лыжня в Лесковичах собрала почти 280 участников

Актуалии Здоровье Общество

Калі на лыжы становяцца ўсе

У мінулыя выхадныя аматары зімовага адпачынку мелі цудоўную магчымасць выбрацца сям’ёй, кампаніяй ці нават працоўным калектывам на прыроду – маляўнічы бор у вёсцы Лескавічы вабіў удзельнікаў і балельшчыкаў на раённае зімовае свята “Беларуская лыжня”. Амаль 280 чалавек з 40 прадпрыемстваў раёна спаборнічалі на лыжні плюс шматлікія групы падтрымкі – усім хапіла месца, музыкі, пазітыўнага настрою і зараду бадзёрасці.
Свята традыцыйна праходзіла на стадыёне Шумілінскай раённай гімназіі. Сапраўднага свята без добрага пачастунку не бывае, згадзіцеся. А хто звычайна частуе гасцей? Вядома – гаспадары. Добра разумеючы гэту сваю функцыю, якую, нягледзячы на маштабнасць свята, ніхто не адмяняў, раённая гімназія накарміла ўсіх жадаючых, арганізаваўшы імправізаванае кафэ прама ў будынку гімназіі.
Многія, каб набрацца сіл, елі перад стартам, іншыя – пасля забегу, а некаторыя – і да, і пасля, і нават замест. Прапанаванае меню было разнастайным, стравы – смачнымі, як дома, а галоўнае – проста смешныя цэны. А ў дадатак усе госці гімназічнага “кафэ” атрымалі флікеры ў падарунак.
Усіх, хто не хацеў пакідаць цэнтр падзей, прама на вуліцы шашлыкамі, каўбаскамі, беляшамі, поліўкай частавала райспажыўтаварыства.  Работнікі лясгасу змайстравалі вогнішча, ля якога можна было пагрэцца. Работнікі культуры выступалі на імправізаванай сцэне каля п’едэстала для ўзнагароджання пераможцаў лыжных спаборніцтваў. Пра накатаную лыжню паклапаціліся работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Галоўным атрыбутам свята сталі, канешне ж, іх вялікасць лыжы. Згадзіцеся, у апошнія гады зіма не вельмі радуе сапраўдным зімовым надвор’ем – з марозам  і снегам. А тут усё сышлося найлепшым чынам, хаця свежай порцыі снегу многія лыжнікі чакалі.
Спартыўнае свята пачалося з пастраення, гімна, вітальных і віншавальных слоў старшыні райвыканкама Аляксандра Снарава, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Андрэя Мазанкова.
Лыжнікі стартавалі па пяці ўзроставых групах, была наладжана і сямейная эстафета, у якой бралі ўдзел самыя юныя ўдзельнікі лыжнага свята. Дарэчы, для большасці панаваў алімпійскі прынцып “галоўнае не перамога, а ўдзел”, але для некаторых удзельнікаў перамога была справай гонару. Тым не менш  задавальненне і значную дозу пазітыўнага настрою атрымалі ўсе.

Пераможцы “Беларускай лыжні-2017”

18-29 гадоў
Мужчыны

1. Віктар Полацкі (райаддзел па надзвычайных сітуацыях);
2. Андрэй Антошкін (ААТ “АграБаравінка”);
3. Дзмітрый Пятроў (РАНС).

Жанчыны
1. Ала Талкач (РАНС);
2. Юлія Конышава (Мішневіцкая СШ);
3. Алеся Сінкевіч (цэнтральная раённая бальніца).

30-39 гадоў
Мужчыны

1. Рыгор Пушкароў (СФГ “Раднік”);
2. Аляксандр Лысанаў (Обальскі керамічны завод);
3. Андрэй Далецкі (Башнёўская СШ).

Жанчыны
1. Святлана Скорынава (ад-дзел прымусовага выканання);
2. Любоў Шурмялёва (Шумілінскі д/сад №4);
3. Марына Масько (Шумілінская СШ №1).

40-49 гадоў
Мужчыны

1. Мікалай Гаралевіч (ДАІ);
2. Аляксандр Пашкевіч (Башнёўская СШ);
3.  Сяргей Гоманаў (“Райаграсэрвіс”).

Жанчыны
1. Антаніна Караленка (раённая гімназія);
2. Ганна Міляк (Кардонская СШ);
3. Валянціна Бадрова (цэнтральная раённая бальніца).

50-59 гадоў

Мужчыны
1. Юрый Рагозін (Светласельскі д/сад);
2. Юрый Лапацін (Навікоўская школа);
3. Іван Бяззубенка (РАНС).

Жанчыны
1. Ірына Гумінская (вытворчы цэх ААТ “Малако”);
2. Марыя Снітко (Кардонская СШ);
3. Лілія Барадзёнак (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама).
60 год і старэй

Мужчыны
1. Аляксандр Штокін (Обальская СШ);
2. Павел Багданаў (ПМК-70);
3. Аляксандр Пруднікаў (Крывасельскі д/сад).

Жанчыны
1. Зафія Алюліна (райвыканкам);
2. Ева Ласянкова (Амбросавіцкая СШ);
3. Паліна Бароўкіна (раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі).

Сямейная эстафета
1. Сям’я Кучко;
2. Сям’я Траццяковых;
3. Сям’я Баркоўскіх.

Намінацыя “Самы юны ўдзельнік” была аддадзена чатырохгадовай Сафіі Быкавай.

Рэпартаж падрыхтавалі Алена КАРПУШЭНКА,
Наталля ЧАРНІЧЭНКА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №13 ад 14.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *