21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

Актуалии Общество

“Гавары са мной па-беларуску”

Весці гаворку вакол беларускай мовы як роднай мовы цэлага народа звычайна выпадае ў двух накірунках. Мы альбо бядуем з нагоды яе гаротнага незайздроснага становішча ў грамадстве, сціплага гучання на прасторах краіны, альбо пераконваем сябе ў тым, што мова жыве і ніколі нікуды не падзенецца.
Для адных відавочна, што будучага ў беларускай мовы няма аніякага, што яна беззваротна сканае пад націскам “великого и могучего”. Іншыя вераць у тое, што мова жыла, жыве і жыць будзе, пакуль жыве апошні чалавек, што валодае ну хаця б “трасянкай”. Але нават сам факт узнікнення такіх дыскусій сведчыць, што раўнадушных да гэтай тэмы мала, а гэта само па сабе абнадзейвае тых, хто за мову перажывае, хто разумее, што, знямеўшы, згубіўшы сваю ўнікальнасць, адметнасць, у вечнасці можа растварыцца і сам народ.
Ужо 17 год 21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЭСКА ў 1999 годзе па ініцыятыве Бангладэш: 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі некалькі студэнтаў. Наогул, у свеце існуе больш за шэсць тысяч розных моў, і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Не адны мы такія, скажа нехта. Але ў нашым выпадку гаворка ідзе не пра мову непісьменнага малаколькаснага племені, на кану – напоўненая багатай гісторыяй, развітая, дасканалая мова, на якой напісана безліч цудоўных твораў, якая здатная быць выдатным сродкам камунікацыі паміж людзьмі, якая сама па сабе ёсць вялікая культурная каштоўнасць.
Беларуская мова ў Беларусі мае статус дзяржаўнай, але гэта яе высокае палажэнне пакуль не вельмі суадносіцца з рэальным жыццём. У той жа час, захаванне і пашырэнне сферы выкарыстання роднай мовы – клопат кожнага грамадзяніна. Кожны, хто лічыць беларускую мову роднай, мае перад ёй своеасаблівы абавязак, нават калі не дужа ўмее на ёй размаўляць. Абавязак не навязаны, а ўнутраны, які суадносіцца з грамадзянскім сумленнем. Адсюль падсвядомае адчуванне віны і жаданне апраўдвацца перад сабой і перад іншымі за такую сваю грамадзянскую недасканаласць, як няведанне роднай мовы, сціплае яе выкарыстанне.
Кожны выбірае сам для сябе. Напрыклад мы, журналісты раённай газеты “Герой працы”, ганарымся тым, што ўсе 85 год раёнка выходзіць на беларускай мове. Мы ганарымся нашымі чытачамі, якія чытаюць нас па-беларуску, дасылаюць у рэдакцыю лісты на беларускай мове (хоць і рэдка). Мы ганарымся вучнямі і настаўнікамі Обальскай школы і многімі іншымі, якія падтрымліваюць мову шматлікімі акцыямі. Мы ганарымся гуртам Naviband, які павязе на Еўрабачанне песню на беларускай мове. І нам вельмі радасна ад таго, што сёння актыўныя носьбіты беларускай мовы – маладыя, сучасныя, “прасунутыя” людзі. Беларускае слова больш не асацыюецца толькі з вёскай і пажылымі людзьмі.
Давайце ж адзначым Міжнародны дзень роднай мовы добрымі прыемнымі гутаркамі на ёй. “Гавары са мной па-беларуску”, – заклікала Яўгенія Янішчыц.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №15 ад 21.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *