“Герой працы” ў прыватных калекцыях

Мир увлечений Новости

“Герой працы” ў прыватных калекцыях

Вядома, калекцыі бываюць розныя. Адны збіраюць маркі ды манеты, іншыя – уражанні і ўспаміны. Наша з вамі газета “Герой працы” таксама можа быць прадметам цікаўнасці калекцыянераў.
Калекцыянер з Балгарыі
У рэдакцыю звярнуўся Іардан Кірылаў – калекцыянер з Балгарыі. Ён ужо на працягу 35-ці год збірае газеты. На сённяшні дзень у ягонай калекцыі больш за 9 тысяч экзэмпляраў са 189 краін свету на 231 мове. Да найбольш каштоўных мужчына адносіць рускую газету “Амурскае рэха” 1911 года і балгарскую – “Дунав” 1865 года. Наогул, Іардан зацікаўлены ў многіх расійскіх выданнях, якіх на сённяшні дзень мае больш за тры з паловай тысячы. У яго ёсць усе раённыя газеты Амурскай, Магаданскай, Маскоўскай, Саратаўскай, Варонежскай, Самарскай, Арэнбургскай абласцей, Алтайскага і Забайкальскага краю. Беларускіх выданняў у калекцыі балгарына пакуль няшмат. Ён папрасіў нас выслаць яму экзэмпляр “Герой працы”.
Іардан Крылаў працуе поварам у рэстаране, мае жонку і двух дзяцей, якія падтрымліваюць яго хобі, што робіць збіральніка вельмі шчаслівым. Таксама ён з’яўляецца няштатным карэспандэнтам раённай газеты “Іхціман”. Прызнаўся, што чытае найбольш цікавыя матэрыялы газет, у будучым марыць стварыць Музей газеты. Калекцыянер правёў ужо тры выставы, зараз рыхтуецца да чацвёртай, якая мае адбыцца ў Сафіі. Няхай жа ў гэтай вялікай калекцыі будзе і раённая газета нашага Шумілінскага раёна.

Збірае “бабулек”
Ужо на працягу некалькіх год з нашай газетай і многімі іншымі выданнямі краіны нястомна супрацоўнічае Мікалай Аляксандравіч Клімовіч з вёскі Уласевічы Магілёўскай вобласці. Праўда, прадмет яго страсці крыху больш спецыфічны – ён, як сам выказваецца, збірае “бабулек”. Яго цікавяць артыкулы, у якіх расказваецца пра жанчын, якім споўнілася 80 год і больш. Калекцыянер рэгулярна тэлефануе ў рэдакцыю і нагадвае пра сябе: раптам журналісты забудуцца і не дашлюць чарговую “бабулю”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №16 ад 24.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *