Суд Шумилинского района рассмотрел дело о незаконном хранении и сбыте оружия

Общество Происшествия

І няважна, што сам не страляў…

У кожнага свае слабасці. І яны могуць заставацца толькі тваёй асабістай праблемай (альбо радасцю) у адным выпадку: калі гэтыя самыя слабасці не ўзгадваюцца ў Крымінальным кодэксе краіны. Можна колькі хочаш пераконваць сябе ў тым, што калі нічога страшнага  не здарылася, то ты ні ў чым не вінаваты. Але хто мы такія, каб быць на сто працэнтаў упэўненымі ў тым, што можам прагназаваць вынікі сваіх экстрэмальных учынкаў?
Напрыклад, цягне цябе да зброі, ты нават упэўнены, што гэта самая мужчынская з усіх мужчынскіх цяга, ты даўно пераканаў сябе, што законы, якія гэтай цягі не адабраюць, прыдумалі дзівакі. Потым прыходзіць думка, што і ў тым, каб прадаць адзін-другі пісталет, таксама няма нічога дрэннага. А што нехта незнаёмы недзе далёка напужае, параніць ці нават застрэліць іншага незнаёмага, пра гэта ж можна не думаць.
Калі нехта зараз мяркуе, што гэтыя разважанні абстрактныя, ад нас далёкія (мы ж, дзякуй богу, не ў “гарачых кропках” жывем), то памыляецца. Усё намнога бліжэй, чым можа падацца на першы погляд.
Нядаўна судом Шумілінскага раёна пад старшынствам суддзі Алены Сініцкай, з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы памочніка пракурора раёна Наталлі Гаўрылюк была разгледжана справа ў адносінах да жыхара вёскі Новазаронава Андрэя Р. Яго затрымалі за спробай збыць пэўную частку зброі і боепрыпасаў, якія мужчына ацаніў у 800 долараў. Крымінальнае дзеянне разварочвалася на старой аўтадарозе Віцебск-Полацк непадалёк ад вёскі Грабніца.
“Прадавец” адразу прызнаў сваю віну, больш за тое, ён пайшоў на супрацоўніцтва са следствам і паказаў усе тайнікі, якімі было абсталявана яго жыллё. Колькасць гэтых тайнікоў, размешчаных як у самім доме, так і на тэрыторыі ўчастка, могуць падштурхнуць да думкі, што няйначай як мужчына рыхтаваўся да вайны. Для таго, каб пералічыць усю знойдзеную зброю, камплектуючыя, боепрыпасы, спатрэбіўся не адзін ліст паперы. Андрэй Р. па месцы прапіскі пастаянна не пражываў, а значыць,  выключыць магчымасць, што ад закапаных па ўсім двары боепрыпасаў маглі пацярпець чужыя людзі, нельга. Ну, скажам, на месцы схованкі якія-небудзь падлеткі развялі вогнішча – і ўсё! Выходзіць, што да страшных, непрадказальных наступстваў можа прывесці нават проста калекцыяніраванне зброі і боепрыпасаў, а не толькі іх продаж.
“Дадзенае злачынства заканадаўца адносіць да найбольш цяжкіх, – гаварыла ў сваім выступленні дзяржаўны абвінаваўца Наталля Гаўрылюк. –  Некантралюемы абарот агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў стварае павышаную пагрозу грамадскай бяспецы, стварае ўмовы для здзяйснення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у адносінах да неўстаноўленага кола асоб: прадбачыць, з якой мэтай чалавек купляе ў збытчыка зброю, немагчыма”. Адвакат жа стараўся пераканаць суд у тым, што асоба Андрэя Р. не ўяўляе ні для грамадства, ні для дзяржавы ніякай небяспекі. Ён адсылаў да бездакорнай біяграфіі падсуднага, да яго станоўчых характарыстык, пераконваў, што за тыя некалькі месяцаў, пакуль ішло следства, мужчына ўсвядоміў няправільны выбар паводзін.
Сапраўды, выступаючы з апошнім словам на судзе, Андрэй Р. са слязамі на вачах прасіў прабачэння ў сваіх блізкіх, прызнаваўся, што вельмі шкадуе пра свой учынак і шчыра раскайваецца. “У мяне было шмат часу падумаць. Я перагледзеў свае погляды на жыццё, зрабіў вывады, зразумеў, што свабода – гэта галоўнае ў жыцці, – гаварыў Андрэй Р. – Хіба ёсць сярод нас такія, хто б  не аступаўся”, – рытарычным пытаннем завяршыў сваё выступленне падсудны. Сапраўды, такіх няма. Але далёка не ўсе ўчынкі можна апраўдаць такой фармулёўкай.
Андрэй Р. быў прызнаны вінаватым у незаконным набыцці, збыце, перавозцы, нашэнні агнястрэльнай зброі (акрамя паляўнічай, гладкаствольнай агнястрэльнай зброі), боепрыпасаў (акрамя  боепрыпасаў паляўнічай, гладкаствольнай агнястрэльнай зброі), набыцці, збыце, захоўванні, перавозцы, нашэнні кампанентаў агнястрэльнай зброі (акрамя кампанентаў паляўнічай, гладкаствольнай агнястрэльнай зброі) і на падставе часткі 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №17 ад 28.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *