Рейдовая группа проверила, как в Шумилинском районе выполняются требования охраны труда

Бяспека Экономика

Інструктажы –  не дзеля “галачкі”

За захаванне заканадаўства па ахове працы ў адказе прафсаюз. Таму вось ужо на працягу некалькіх гадоў рэйдавыя групы, у якія ўваходзяць тэхнічныя інспектары працы абласнога аб’яднання прафсаюзаў наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх раёнаў вобласці. Такая рэйдавая група працавала на мінулым тыдні і ў нашым раёне.
“Мы маем на мэце праверыць, як на прадпрыемствах Шуміліншчыны прытрымліваюцца інструкцый па ахове працы, – расказаў галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А. Л. Сцяпанаў. – Мы нікога не караем за недапрацоўкі, не выпісваем штрафы. Наадварот, правяраем і падказваем, раім, як лепш аформіць тыя ці іншыя дакументы”.
Разам з прадстаўнікамі абласнога аб’яднання прафсаюзаў, старшынёй Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнаўцом і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК В. Г. Варкун пабывалі на некаторых прадпрыемствах нашага раёна. Правяраючых цікавілі дакументы па ахове працы, перыядычнасць і правільнасць правядзення неабходных інструктажаў. Была адзначана добрая работа інспектара па ахове працы ААТ “Прыазёрны мір” С. П. Шустровай (на здымку). Жанчына на гэтай пасадзе прцуе амаль два дзясяткі гадоў.  “Дакументы аформлены граматна і у тэрмін, – адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы абласнога савета “Белхімпрафсаюз” В. В. Давыдзенка. – Думаю, Святлану Пятроўну можна ставіць у прыклад не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У такога спецыяліста ёсць чаму павучыцца маладым”.
Інспектары з вобласці былі задаволены работай па ахове працы і ў КУСГП “Сіроцінскі”. Разам з тым парэкамендавалі перагледзець інструктажы згодна са штатным раскладам.
Нядрэнна наладжана работа па ахове працы ў Шумілінскім лясгасе, дзе працуюць два інспектары. Прычым, прафсаюзная арганізацыя і кіраўніцтва прадпрыемства заўсёды знаходзяць паразуменне і ідуць насустрач сваім работнікам, якія часта працуюць не толькі на тэрыторыі раёна, але і за яго межамі. Але і там уважлівае вока інспектараў і прадстаўнікоў прафсаюза сочыць за аховай працы.
У РЭС прадстаўнікі абласнога аб’яднання прафсаюзаў рэкамендавалі зрабіць зручнай сушылку для адзення і дадатковыя электрычныя разеткі ў пакоі для прыёму ежы.
А вось у райспажыўтаварыстве было выяўлена шмат недахопаў – як высветлілася, там мала клапоцяцца пра ўмовы работы на працоўных месцах, а інструктажы ўвогуле праводзяцца фармальна, “дзеля галачкі”.
Правяраючыя наведалі УП ЖКГ, райбыткамбінат, ДРБУ-204, райпаліўзбыт.  Заўвагі ў асноўным тычыліся праверкі ведаў па ахове працы і афармлення адпаведнай дакументацыі, атэстацыі рабочых месцаў, якая на некаторых прадпрыемствах аказалася пратэрмінаванай. А. Л. Сцяпанаў адзначыў, што за аховай працы – здароўе і жыццё людзей, таму настойліва рэкамендаваў інспектарам усіх наведаных прадпрыемстваў  у бліжэйшы час выправіць недахопы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №17 ад 28.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *