Шумилинская районная ветеранская организация отметила своё 30-летие

Актуалии Общество

Яшчэ дадуць фору маладым

28 лютага адбылося святкаванне 30-годдзя з дня стварэння раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Яшчэ на ганку раённага цэнтра культуры, дзе ладзіліся юбілейныя ўрачыстасці, адчувалася нейкая надзвычай цёплая атмасфера. Радасны гоман удзельнікаў свята, прывітанні, кветкі – усё гаварыла пра тое, што адбываецца сустрэча даўніх сяброў. На ўрачыстае мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна, якія цесна супрацоўнічаюць з ветэранамі, кіраўніцтва раёна, прадпрыемстваў і арганізацый, кіраўнікі сельскіх выканаўчых камітэтаў. Завітала шматлікая дэлегацыя ветэранаў з Першамайскага раёна горада Віцебска, з якой у нашых ветэранаў склаліся сяброўскія адносіны.
Адкрылася мерапрыемства “Гімнам ветэранаў” К. Ф. Палоўнікавай, які выканаў зводны хор народных клубаў “Ветэран” РЦК і Обальскага ГДК.

Шчыра павіншавала ветэранаў з юбілеем арганізацыі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Яна адзначыла той вялікі ўклад, які ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны працы ўнеслі ў эканоміку раёна і развіццё сацыяльнай сферы, падкрэсліла, што і на адпачынку яны ўносяць важкі ўклад у выхаванне моладзі. Ад імя раённага Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта Ірына Мікалаеўна выказала ўсім ветэранам словы шчырай ўдзячнасці, добрых пажаданняў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў уручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Г. М. Аляксеевай, Падзяку старшыні райвыканкама Л. А.  Дарафеевай.

Старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава расказала пра гісторыю стварэння і станаўлення раённай арганізацыі, падрабязна спынілася на той рабоце, якая вядзецца ў арганізацыі сёння. І, трэба адзначыць, работа вядзецца вялікая. Ветэраны актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычным выхаванні моладзі, з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі сустрэч і мерапрыемстваў у школах і клубах раёна, музеях, ваенкамаце. Не менш актыўным з’яўляецца і грамадскае жыццё ў арганізацыі: разнастайныя праекты, шматлікія групы па інтарэсах, мастацкая сама-дзейнасць, здаровы лад жыцця – няма такога напрамку, у якім бы не былі задзейнічаны ветэраны. Своеасаблівай справаздачай усёй гэтай дзейнасці сталі шматлікія выставы, арганізаваныя ў фае раённага цэнтра культуры.
Павіншавалі ветэранскую арганізацыю выхаванцы ясляў-сада №1. Далучыліся да віншаванняў прадстаўнікі абласных ветэранскіх арганізацый, райваенкамата, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Юхнавец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая, старшыні раённых арганізацый Беларускага саюза афіцэраў, Саюза ваенных маракоў В. І. Жандараў і А. Л. Бычкоў, былы ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі, намеснік старшыні раённай арганізацыі Беларускага фонду міру В. Р. Штуро, госці з Першамайскага раёна горада Віцебска.
За актыўную грамадскую работу па розных накірунках вялікая група актывістаў раённай ветэранскай арганізацыі на чале са старшынёй былі адзначаны граматамі і памятнымі падарункамі.
Работнікі культуры раёна падрыхтавалі для ветэранаў і гасцей свята канцэрт. У фае была наладжана забаўляльная праграма з чаяваннем.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №18 ад 03.03.2017 г.



5 комментариев по теме “Шумилинская районная ветеранская организация отметила своё 30-летие

  1. Свята ў класічным ключы: віншаванні, падарункі, падзякі і выхвалянні – якія мы добрыя, як можам даць фору маладым. Прыгожыя і ў нечым крывадушныя словы, асабліва калі ведаць, што старых, як ржавае жалеза, выкідваюць у чэрмет. Займацца тым, чым займаюцца жанчыны? Вышываннем крыжыкамі, маляваннем? А хто спрабаваў вышываць гладдзю?.. Сярод тых, чые творы былі змешчаны на стэндах у фае РДК (на жаль, пра гэта не згадаў аўтар нататкі), не было ніводнага мужчыны. Чым яны займаюцца? П’юць гарэлку ці забіваюць «казла»? Як бы ні было, іх няма. І гэты фемінізм, а лепш сказаць, засілле жаночае і кранае, і адначасова непакоіць. Чаму выпаў гэты мужчынскі сегмент? Дзе савет ветэранаў? Дзе старшыня? А яна піша гімн. Па-мойму, гэта быў не гімн ветэранаў, а нейкі здзек над словам, а музыка вельмі паходзіла на вядомую мелодыю з вядомых часоў. Навошта нам плагіят? Ну, няўжо ніхто не скажа графаманам, што яны графаманы, што не трэба цягнуць на Парнас усякае рыззё, дзе ні вобраза, ні шчырага і светлага слова? Хаця, відаць, трэба, калі цягнуць такое ж, такое ж гніллё, такі дэбілізм на вялікую эстрадную сцэну.
    Усё было, як і дзесяць гадоў таму,без жывінкі і нейкіх творчых знаходак. Калі хацелася спаць. І нават гарлапан з Віцебска, які гаркнуў у мікрафон так, што мёртвага мог з труны падняць, і той вырваў таго-сягу са сну, але не дадаў нейкага каларыту ў сцэнарый. І песні спявалі нейкія нудотныя, якраз пад старэчы ўзрост, а хацелася песні меладычнай беларускай. А вось Палоўнікава голасам сваім парадавала. Як і раней. Малайчына. Але гэтага для раённага свята такога маштабу ўсё-такі, згадзіцеся, малавата.

  2. Крыўдна чытаць такі каментарый. Абразіў усіх ветэранаў. А мне вельмі спадабалася на канцэрце. І песні былі добрыя, і выставы выдатныя. Якія работы цудоўныя, прыемна, што людзі не сядзяць без справы і не п’юць гарэлку, а займаюцца цікавымі справамі. Усім маім сяброўкам таксама спадабалася, якія ўсе былі радасныя, вясёлыя. І мужчыны на пенсіі не толькі «казла» забіваюць, але і на рыбалку, і на дачу ездзяць, па гаспадарцы спраўляюцца.
    Калі не спадабалася быць на канцэрце, дык сядзеў бы дома.

  3. Атрымаў газету і не зразумеў, дзе ладзіліся ўрачыстасці – на ганку РДК ці ў зале? Такі ляп ды ў «Вожык»…

  4. Злой ты, ліцвін, «Красу Шумилино» обгадил: молодые плохие. Вечер ветеранов обгадил: старые плохие. Если у тебя идей много, так приди в РДК, поделись, выступи инициатором проведения интересного мероприятия.
    Будь добрее и люди к тебе потянутся.

  5. Здаецца так, что Ліцвін не хацеў нікога крыўдзіць. Мабыць жыве ў сталіцы, прыехаў наведаць бацькоў на выхадныя. А ў мегаполісе нагледзеўся пампезных шоу, пасля якіх сціплыя акцыі ціхага мястэчка ў беларускай глыбінцы здаюцца яму надта самотнымі. Вось і прайшоўся пяром з вышыні «высакапарнага сатырыка» па мерках «сталічнага знаўцы».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *