Металлолом

Экономика

“І  на  мехдвары  прыбралі,  і  грошай  зарабілі”
Кожны год нашаму раёну даводзіцца дзяржзаказ па зборы металалому. У гэтай пачэснай акцыі ўдзельнічаюць усе бюджэтныя арганізацыі і сельгаспрадпрыемствы. І ў мінулым годзе з дзяржзаказам справіліся вельмі добра. “Шуміліншчыне быў даведзены план сабраць 637 тон, а сабралі 828,3 тоны. План перавыканалі на 30%”, – паведаміў намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў.

Сярод арганізацый, якія перавыканалі план па зборы металалому – сельгаспрадпрыемствы.  Намеснік начальніка райсельгасхарчу Андрэй Мацюшчанка расказаў, што спрацавалі добра: пры плане ў 58 тон здалі 141 тону.
“Металалом – гэта свайго роду багацце, да якога трэба ставіцца беражліва. І кожная яго тона павінна пайсці на справу, а не захламляць майстэрні і мехдвары, не валяцца пад плытамі і на звалках – менавіта так сёння ставіцца пытанне, – кажа Андрэй Леанідавіч. –  Як правіла, металалому збіраецца за год даволі. У выйгрышы застаюцца і здатчыкі, і дзяржава. Ды і прыродзе не наносіцца шкода”.
У мінулым годзе лідарам па здачы металалому было ААТ “АграБаравінка”. Гаспадарка “выцягнула” амаль увесь раённы план  па здачы, назбіраўшы крыху больш як 53 тоны.
“З кожным годам металалом становіцца збіраць усё цяжэй, – кажа галоўны інжынер таварыства Леанід Фёдаравіч Клімушэўскі. – Зараз не ўбачыш, як у былыя савецкія часы, безгаспадарчыя запчасткі. Час прымушае быць беражлівым. Ды і  новая тэхніка паступае ў гаспадарку нячаста, таму прыходзіцца рамантаваць і берагчы тую, якую маем. Па максімуму выкарыстоўваем запчасткі са спісаных трактароў. Ну, а на металалом застаецца тое, што зусім непатрэбна. Што тычыцца мінулага года, дык нам пашанцавала ў тым сэнсе, што, наводзячы парадак на мехдвары ў Язвіне, разабралі там стары сушыльны комплекс, які ўжо непрыдатны для выкарыстання. Там было многа непатрэбнага лому – вось яго і здалі. Як кажуць, і на мехдвары прыбралі, і грошай зарабілі.  Затое і апынуліся ў лідарах”.
У канцы мінулага года за адну тону металалому “Віцебскдругасчэрмет” плаціў 56 рублёў. На думку эканамістаў сельгаспрадпрыемстваў, гэта мала. Але тая ж “АграБаравінка”, напрыклад, выручыла ад здачы другаснай сыравіны  амаль тры тысячы рублёў. Гэтыя грошы гаспадарка выкарыстала для пакупкі запчастак для трактароў.
21 тону металалому ў мінулым годзе здалі з ААТ “Прыазёрны мір”, 17 тон – з ААТ “Лаўжанскае”, 15 – з ААТ “Прыдзвінскі”. Усе астатнія гаспадаркі таксама прымалі ўдзел.
“Нам шэфы дапамаглі”
Калі ў сельгаспрадпрыемстваў ёсць тэхніка, якая з часам становіцца непрыгоднай для выкарыстання і яе можна здаць, то як справіцца з даведзеным заданнем па зборы металалому ўстановам адукацыі?
“Так, спраўляцца вельмі нялёгка, – кажа інжынер групы цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гаўрылаў. – Летась нам давялі заданне ў 35 тон, а сабралі толькі 23,5 тоны (67% да патрэбнага). Але і гэта, на маю думку, добра, бо, напрыклад, чатыры гады таму спраўляліся з даведзеным планам толькі на 30%”.
Школам раёна ў зборы металалому дапамагаюць іх шэфы – мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. Напрыклад, раённай гімназіі-інтэрнату і СШ № 2 г. п. Шуміліна летась з металаломам дапамог “Шумілінскі райаграсэрвіс”, Амбросавіцкай школе – ААТ “Прыазёрны мір”. Наколькі ведаю,  і многім іншым установам адукацыі сельгаспрадпрыемствы калі не кожны год, то часта «прэзентуюць» незапатрабаваныя запчасткі.  Дзякуючы гэтаму дзіцячыя садкі і школы часткова ці поўнасцю спраўляюцца з даведзеным планам. А вось Обальскай школе ў гэтым сэнсе  дык і зусім пашанцавала: з ёй кожны год металаломам дзеліцца Обальскі керамічны завод. І летась на рахунку навучальнай установы было 8 тон металалому – план перавыканалі ў два разы.
Некаторыя школы раёна, як высветлілася, і самастойна  збіраюць металалом.  Дастойная пераймання вопыту арганізацыя работы ў Слабадской СШ. Дырэктар навучальнай установы А. М. Пузікава расказала: “У нас да дробязей адпрацавана сістэма збору другаснай сыравіны: план даводзіцца кожнаму вучню, настаўніку, тэхнічнаму работніку. Часта арганізуем суботнікі і розныя акцыі па зборы металалому. Вельмі дапамагаюць бацькі: вязуць у школу старыя халадзільнікі і газавыя пліты, запчасткі ад уласных легкавушак. Дзяцей, якія занялі па школе прызавыя месцы па зборы другаснай сыравіны, абавязкова заахвочваем граматамі і прызамі”.
Як здаюць прыватнікі?
Другасную сыравіну  па сваім жаданні здаюць прыватнікі. І жадаючых нямала. “Так, за мінулы год райспажыўтаварыства прыняло ад насельніцтва больш за чатырыста тон металалому, – расказала нарыхтоўшчыца Святлана Іваноўская. – Актыўна здаюць лом вясной і летам. Напэўна, гэта звязана з тым, што ў гэты час наводзяць парадак на падворках, і непатрэбны метал прывозяць да нас. А вось зімой, наадварот, зацішша”.
Райспажыўтаварыства прымае чыгун па 17 капеек за адзін кілаграм, бытавы металалом – па 15 капеек. Пастаянныя здатчыкі металалому ведаюць, што ад прыватнікаў прымаюць толькі бытавы лом – старыя каструлі, чыгункі, халадзільнікі, газавыя пліты і іншую бытавую тэхніку, якая выйшла са строю. Можна здаваць металалом і ад старых легкавушак ці ўласных трактароў, на якія ёсць адпаведныя дакументы.
Калі ж чалавек прывозіць на здачу, скажам, запчасткі ад камбайна ці магутнага МТЗ, гэта адразу выклікае падазрэнне. У такім разе прыёмшчыкі металалому павінны паведаміць пра гэта ў міліцыю. Але ў мінулым годзе такіх выпадкаў не было. Затое супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі летась на аўтадарогах раёна пяць жыхароў Шуміліншчыны і Віцебска, якія незаконна перавозілі  па некалькі тон металалому, расказаў начальнік ДАІ Мікалай Гаралевіч. З незаконнымі перавозчыкамі разбіраліся спецыялісты падатковай інспекцыі, а металалом да суда прывозілі на часовае захоўванне ў нарыхтоўчы пункт райспажыўтаварыства. Складаўся адміністрацыйны пратакол (штраф да 100 базавых велічынь), які для далейшага разгляду накіроўваўся ў эканамічны суд Віцебскай вобласці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



2 комментария по теме “Металлолом

  1. Школам раёна ў зборы металалому дапамагаюць іх шэфы – мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. Напрыклад, раённай гімназіі-інтэрнату і СШ № 2 г. п. Шуміліна летась з металаломам дапамог “Шумілінскі райаграсэрвіс”, Амбросавіцкай школе – ААТ “Прыазёрны мір”. Наколькі ведаю, і многім іншым установам адукацыі сельгаспрадпрыемствы калі не кожны год, то часта «прэзентуюць» незапатрабаваныя запчасткі. Дзякуючы гэтаму дзіцячыя садкі і школы часткова ці поўнасцю спраўляюцца з даведзеным планам. А вось Обальскай школе ў гэтым сэнсе дык і зусім пашанцавала: з ёй кожны год металаломам дзеліцца Обальскі керамічны завод. І летась на рахунку навучальнай установы было 8 тон металалому – план перавыканалі ў два разы.

    Не понимаю логику райисполкома. Обязывают школу и детские садки сдавать металлолом, при этом понимают что его в этих организациях нет. И отлично знают шефствующие организации которые по факту и вынуждены сдавать этот металлолом за других. Так зачем тогда городить сыр-бор. Добавьте норму для шефов и пусть возят хлам напрямую на склад. А школы и сады в любой нормальной стране должны заниматься воспитанием детей а не сбором всякого барахла по помойкам, благо там можно еще какую заразу для ребенка подцепить. Куда кстати смотрит санэпидемстанция??? Пусть ответят, можно ли грязный кордон,макулатуру, или металлолом в учреждение образования носить?

  2. Предлагаю носить и возить в рай исполком.Пусть хоть займутся полезным делом сортировкой…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *