Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Крадзяжы

За мінулыя выхадныя ў раёне было зарэгістравана шэсць крадзяжоў. Абакралі тры дачныя дамы ў в. Захарава Обальскага сельсавета, дачны дом у Слабадзе Лаўжанскага сельсавета. Ліхадзеі бралі асабістыя рэчы гаспадароў: сокавыціскалкі, бензапілы, сталовыя прыборы. Невядомыя злодзеі абакралі кватэру ў Крывым Сяле – прыбралі да рук два тэлевізары.
Пацярпеў жыхар райцэнтра, які на некалькі дзён пакінуў свой сапсаваны аўтамабіль на аўтатрасе Р-20. З “Жыгулёў” укралі аўтамагнітолу і ключы, знялі чатыры колы. Па ўсіх крадзяжах узбуджаны крымінальныя справы, злачынцы вышукваюцца.

Са зводак ДАІ
Абгон

Жыхарка Віцебскага раёна, якая ехала на асабістым аўтамабілі “Рэно-Логан”, парушыла правілы абгону: не ўпэўнілася, што на дарожнай паласе няма перашкод. Дарожна-транспартнага здарэння ўдалося пазбегнуць, тым не менш на вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол, які адпраўлены па месцы жыхарства жанчыны. Ёй пагражае штраф да 10 БВ. Яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол складзены за перавышэнне хуткаснага рэжыму на 15 кіламетраў у гадзіну (штраф памерам у 23 рублі жыхарка Віцебскага раёна аплаціла на месцы).
Акцыя
Супрацоўнікі ДАІ правялі прафілактычную акцыю “Стань бачным – будзь у бяспецы”. Работнікі дарожна-патрульнай службы асаблівую ўвагу ўдзялілі прафілактычным гутаркам, адпрацоўкам тых вуліц і дарог, дзе ёсць рызыка наезду на пешаходаў і веласіпедыстаў. Былі выяўлены два факты парушэння правілаў дарожнага руху пешаходамі, якія не пазначылі сябе святловяртальнымі элементамі ў цёмны час сутак.
Нецвярозы
На вуліцы Юбілейнай у Шуміліне за кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення “Жыгулямі” затрыманы жыхар Мікіціхі. Да таго ж, мужчына не меў страхоўкі і правоў кіравання (быў іх пазбаўлены па прыгавору суда некалькі месяцаў таму).  ВАЗ арыштаваны і знаходзіцца на штрафной стаянцы РАУС. Праводзіцца праверка для вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць нецвярозага вадзіцеля. Да адказнасці будзе прыцягнуты ўладальнік аўтамабіля за тое, што перадаў права кіравання п’янаму і бяспраўнаму. Пагражае штраф ад 50 да 100 БВ і пазбаўленне права кіравання на тры гады.

Са Следчага камітэта
Пазычыў
Жыхарка райцэнтра пазычыла знаёмаму грошы. Але яму гэтых грошай не хапіла. Пакуль гаспадыня спала, мужчына зайшоў у кватэру і “пазычыў” яшчэ 200 рублёў.  Як паведаміў намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Вадзім Сапега, па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.
Зубы
На працягу апошніх пяці год віцяблянка пратэзуе зубы ў  розных медыцынскіх установах Беларусі. Жанчыну пастаянна не задавальняе якасць выкананай работы, і яна піша заявы ў праваахоўныя органы. Нядаўна ёй пратэзавалі зубы ў Шумілінскай ЦРБ, пасля лячэння жанчына напісала заявы аб незадавальненні якасцю паслугі і аб тым, што яе пабілі ў бальніцы. Па дадзеных фактах праводзяць праверку супрацоўнікі райаддзела Следчага камітэта і РАУС.
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №23 ад 21.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *