Юныя навукоўцы Шуміліншчыны падалі 74 даследаванні

Образование

Юныя  навукоўцы  Шуміліншчыны падалі  74  даследаванні

Паспрабаваць свае сілы на XIII раённай канферэнцыі навуковых таварыстваў навучэнцаў, якая прайшла 10 сакавіка на базе Шумілінскай СШ №1, сабраліся 84 удзельнікі з 12-ці ўстаноў адукацыі раёна.

Юныя навукоўцы прайшлі два этапы выпрабаванняў. На першым, завочным,  члены журы падрабязна вывучалі глыбіню даследаванняў, на вочным этапе вучні самі прадстаўлялі і абаранялі сваю навуковую працу.
Сёлета на суд журы ў другім этапе былі пададзены 74 даследаванні. Маладыя даследчыкі да працы падышлі сур’ёзна. Яны правялі скрупулёзную самастойную даследчую дзейнасць, працавалі з рознымі інфармацыйнымі крыніцамі, рабілі аналіз і высновы. Прыйшлося вывучыць шмат літаратуры, сустрэцца і паразмаўляць з цікавымі людзьмі, звярнуцца да архіўных матэрыялаў. Некаторыя пачалі рыхтавацца да канферэнцыі амаль за паўгода.
Працавала некалькі секцый: па матэматыцы і фізіцы (старшыня журы – Г. В. Скрыпкіна); па замежнай мове (С. В. Лазука); гісторыі і грамадазнаўству (В. А. Баранава); геаграфіі, біялогіі і хіміі (М. А. Мігуцкая); рускай мове (Н. С. Інц); беларускай мове (А. У. Васілеўская); па працоўным навучанні (Г. В. Шчарбакоў) і секцыя пачатковых класаў (С. В. Калеснікава). Па словах старшынь журы, вызначыць пераможцаў было нялёгка.
Найбольш эфектыўнай, якаснай, насычанай рознымі даследчымі метадамі і прыёмамі, з высокай ступенню актуальнасці і праблемнасці тэм аказалася праца навучэнцаў Обальскай сярэдняй школы. Вучні атрымалі 8 дыпломаў. У Шумілінскай раённай гімназіі – 6 дыпломаў, у Шумілінскай СШ №1 – 5. Сярод вясковых школ добры вынік паказала Мішневіцкая сярэдняя школа – таксама 5 дыпломаў.
З кожным годам колькасць шумілінскіх інтэлектуалаў расце. Прадстаўнікі міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін, якія прынялі ўдзел у канферэнцыі, адзначылі добры ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў, іх свабоднае валоданне матэрыялам, уменне выкарыстоўваць мультымедыйныя прэзентацыі.
Усе пераможцы, незалежна ад таго, якой ступені дыплом атрымалі на раённай канферэнцыі, маюць магчымасць паспрабаваць сябе на вобласці. Па жаданні прызёры пачатковых класаў змогуць прыняць удзел у абласным конкурсе даследчых работ і творчых праектаў “Вернісаж”. Вучні 5-7 класаў – у конкурсе дыстанцыйных праектаў “Я пазнаю свет”. Старшакласнікі змогуць паўдзельнічаць у трэцім Віцебскім гарадскім конкурсе навуковых праектаў “Першы крок у навуку” і даследчай навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка”.
Дар’я ЧАПУРНОВА, студэнтка БДУ.
Надрукавана ў №23 ад 21.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *