На рабочем совещании в райисполкоме

Актуалии Президент Экономика

Дзе ёсць улік, там ёсць і запасы паліва

На традыцыйную планёрку па панядзелках, якую праводзіць старшыня райвыканкама А. І. Снараў, былі запрошаны кіраўнікі і галоўныя эканамісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.

Старшыня райвыканкама адзначыў, што некаторыя кіраўнікі і спецыялісты ігнаруюць патрабаванне наладзіць улік паліва ў гаспадарках, і запатрабаваў у жорсткай форме выканаць даручэнне. Там, дзе ёсць штодзённы ўлік паліва, там нават у складаных фінансавых умовах маюцца запасы паліва на веснавую сяўбу, і гаспадаркі могуць стабільна весці работы на палетках. Толькі строгі ўлік паліва, яго нармаванне ў залежнасці ад відаў і аб’ёмаў палявых работ, за што нясуць адказнасць аграномы, эканамісты, бухгалтары прадпрыемстваў, дазволіць не дапускаць крадзяжоў паліва, дасць магчымасць правесці пасяўную ў сціслыя тэрміны. Кіраўнік раёна запатрабаваў весці штодзённае налічэнне заробкаў механізатараў на пасяўной, каб людзі бачылі вынікі сваёй працы. Таксама, яшчэ да пачатку выгану на пашу жывёлы, павінны быць распрацаваны дагаворы з кожным пастухом, у якіх трэба падрабязна распісаць правы і абавязкі работнікаў, вызначыць тыя тэхналагічныя аперацыі, за якія яны нясуць адказнасць, адзначыць умовы заахвочвання за добрую работу і пакарання за парушэнні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.
На нарадзе быў разгледжаны ход работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна, тэрыторый вытворчых і сацыяльных аб’ектаў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава нагадала пра надыход аптымальных тэрмінаў пасадкі кустоў і дрэў, таму трэба правесці рэвізію пасадак і вызначыць неабходную колькасць саджанцаў. Звяртаючыся да старшынь сельвыканкамаў, Ірына Мікалаеўна  засяродзіла іх увагу на неабходнасці ўборкі несанкцыянаваных сметнікаў, якіх яшчэ засталося шмат, а таксама на добраўпарадкаванні пад’язных шляхоў да могілак, бо набліжаюцца Вялікдзень і Радаўніца.
Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава расказала пра работу па рэалізацыі Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і пра вынікі “кірмашу вакансій”. Так, рабочыя групы наведалі 1138 грамадзян, якія занесены ў спісы тых, каму неабходна плаціць кампенсацыю дзяржаўных выдаткаў. Высветлілася, што 359 грамадзян не пражываюць па месцы рэгістрацыі, 39 – вядуць асацыяльны лад жыцця, 26 – знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. 335 чалавек знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. 80 чалавек плануюць звярнуцца ў органы ўлады за вызваленнем ад платы збору ў сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй, 98 грамадзян жадаюць уладкавацца на працу, 147 – іншыя катэгорыі (пенсіянеры, служба ў арміі, маюць асабістую гаспадарку). А вось 46 чалавек не працуюць, не плануюць плаціць збор ці звяртацца за вызваленнем ад яго.
На нарадзе былі разгледжаны іншыя пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №27 ад 04.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *