Игнат Карасёв работал в милиции после войны

Безопасность Общество

У доўгім цёмным шынялі і з пісталетам у кабуры
Пасля  артыкула ў раённай газеце “Ветэраны пішуць гісторыю РАУС”  у ветэранскую арганізацыю РАУС пачалі тэлефанаваць многія жыхары раёна і прапаноўваць сваю дапамогу.

Напрыклад, сын былога міліцыянера Ігната Рыгоравіча Карасёва Юрый па ўласнай ініцыятыве разам з ветэранамі райаддзела аб’ехаў былых работнікаў РАУС, каб сабраць каштоўныя звесткі і фота да альбома “Гісторыя Шумілінскага РАУС”. Многія жыхары райцэнтра прынеслі фотаздымкі сваякоў-міліцыянераў, падзяліліся ўспамінамі.
Пра міліцыянераў, якія працавалі ў райаддзеле пасля Вялікай Айчыннай вайны, расказала жыхарка райцэнтра Г. У. Дружкіна (Архіменка). “Маё дзяцінства прайшло на вуліцы Паштовай, таму я добра памятаю той драўляны аднапавярховы будынак  на суседняй Піянерскай вуліцы (насупраць сённяшняга УП ЖКГ),  дзе раней знаходзілася міліцыя, – расказала Галіна Усцінаўна. – Кругласутачна там знаходзіліся хіба дзяжурныя, астатнія міліцыянеры былі ў раз’ездах, працавалі па раёне. Помню, пасля Вялікай Айчыннай вайны ў аддзеле было некалькі коней – на іх і ездзілі ў аддаленыя вёскі. Адзін з пакояў у міліцыі быў адведзены пашпартнаму сталу. Дакументы здавалі пашпартысту праз вузенькае акенца. Прычым, у 50-ыя гады пашпарт рабілі за адзін дзень: раніцай здаеш, а вечарам – забіраеш. У 1957 годзе мне пашпарт выдавала мясцовая пашпартыстка Анастасія Емяльянаўна Карпенка”.
Галіна Усцінаўна згадала, што непадалёк ад Піянерскай, на вуглу вуліцы 2-ая Энгельса, стаяла міліцэйская лазня. Але прызначалася яна зусім не для міліцыянераў. Перад тым, як адпраўляць заключаных пад варту ў Віцебск, іх заўсёды вадзілі ў лазню. А потым на цягніку везлі ў абласны цэнтр.
“Пасляваенныя міліцыянеры насілі доўгія цёмныя шынялі, пры сабе абавязкова мелі пісталет у кабуры, – кажа Г. У. Дружкіна. – Наколькі помню, людзі да міліцыянераў адносіліся паважліва і даверліва, бо яны маглі абараніць чалавека. А яшчэ запомнілася прыстойнасць людзей у пагонах.
Пасля вайны на месцы сённяшняга аўтавакзала быў хлебны магазін, куды на кані кожную раніцу Лебедзеў (імя не помню) завозіў тавар. Паколькі з хлебам было напружана, чаргу займалі з чатырох гадзін раніцы. Каб не было бойкі, ля магазіна дзяжурылі міліцыянеры. Помню Ігната Рыгоравіча Карасёва, Пятра Фядотавіча Стахава, Калістрата Іосіфавіча Шпакава,  Бондарава (імя запамятавала).  Гэтыя і іншыя міліцыянеры строга сачылі за парадкам, нікому не дазвалялі пакрыўдзіць старых ці дзяцей”.
Галіна Усцінаўна расказала, што дзякуючы міліцыянерам, іх стараннай рабоце і руплівасці ў галодныя пасляваенныя гады ў райцэнтры быў парадак.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №29 ад 11.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *