Шумилино сказало шефам спасибо

Актуалии Президент Экономика

Шэфы гатовы дапамагчы

На мінулым тыдні шумілінская дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама А. І. Снаравым і старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай пабывалі на сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Віцебск С. В. Сташэўскім. У мерапрыемстве бралі ўдзел старшыні сельвыканкамаў і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна, а таксама кіраўнікі віцебскіх арганізацый, якія з’яўляюцца шэфамі нашага раёна.
А. І. Снараў выказаў шэфам падзяку ад імя ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якім віцябляне дапамагалі ў мінулым годзе ў добраўпарадкаванні, падчас пасяўной і ўборачнай. З 17 віцебскіх арганізацый, замацаваных за нашым раёнам, 12 аказвалі дзейсную дапамогу. Віцябляне ў мінулым годзе на Шуміліншчыне фарбавалі агароджу, высякалі кустоўе, абкошвалі абочыны і тэрыторыі вёсак. УП “Палімерканструкцыя” выдзеліла грошы для вырабу памятнай дошкі да 610-годдзя Дабеі. З ААТ “Атэк” Дабейскаму сельвыканкаму прывезлі фарбу для агароджы, “Прыазёрнаму міру” выдзелілі аўтамабіль для развозкі абедаў. Вельмі задаволены сваімі шэфамі Каўлякоўскі сельвыканкам:  “Прафтэхмантаж” прывёз электроды і фарбу, дапамог з рамонтам тэхнікі “Прыдзвінскаму”, Віцебскі холадакамбінат прадаставіў гаспадарцы машыну для развозкі абедаў.
У прыватнага прадпрыемства “Витебсквторчермет” даўнія сяброўскія адносіны са Светласельскім сельсаветам: летась, напрыклад, віцябляне вырабілі і ўстанавілі металічны кантэйнер на грамадзянскіх могілках у Башнях, у прыпар уборачнай накіравалі аўтамабіль і зваршчыка ў “АграБаравінку”. Гэтаму ж сельгаспрадпрыемству тэхнікай, цвікамі і фарбай дапамагалі работнікі “Віцебскгандальбуду”. Віцебскі філіял “Белпошта” прадаставіў аўтамабіль для развозкі абедаў КУСГП “Мішневічы”, Віцебскі мясакамбінат – ААТ “Лаўжанскае”.
Дапамагалі віцебскія шэфы на ўборцы тэрыторый, на абкошванні пустазелля. У гэтым накірунку на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета плённа працавалі работнікі абласнога тэхнагандлёвага цэнтра “Гарант”, у Мікалаеўскім сельсавеце – “Фармацыі”, у Светласелькім сельсавеце – “Водаканала”, у Сіроцінскім сельсавеце – Віцебскага тэхналагічнага каледжа.
Ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў А. І. Снараў і І. М. Новікава ўручылі кіраўнікам арганізацый падзячныя лісты і памятныя падарункі, выказалі надзею на плённае супрацоўніцтва сёлета.
С. В. Сташэўскі запэўніў, што ніводная замацаваная за Шуміліншчынай арганізацыя не застанецца ўбаку. “Любіце смакаваць малако і мяса – дык акажыце пасільную дапамогу сельскагаспадарчаму раёну”, – звярнуўся Сяргей Віктаравіч да кіраўнікоў віцебскіх прадпрыемстваў, што прысутнічалі на сустрэчы.
Спадзяемся, што шэфы менавіта так і зробяць. У прыватнасці, Віцебскі прыборабудаўнічы завод абяцаў Мішневіцкаму сельсавету падарыць мотакасу і набыць некалькі кілаграмаў акрылавай фарбы, ААТ “Чырвоны Кастрычнік” – вырабіць агароджу для патрэб Лаўжанскага сельсавета. Пасільную дапамогу акажуць віцебскія шэфы сельгаспрадпрыемствам: тэхнікай, вадзіцелямі, зваршчыкамі.
Напрыканцы сустрэчы кіраўніцтва нашага раёна падпісала з кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна пагадненне аб аказанні дапамогі ў навядзенні парадку ў замацаваных сельскіх населеных пунктах.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №29 ад 11.04.2017 г.
На здымку: А. І. Снараў  і С. В. Сташэўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *