21-24 апреля Шумилинский район посетят друзья из Нидерландов

Актуалии Новости Общество

Вітаем гасцей з Нідэрландаў

21-24 красавіка наш раён наведае дэлегацыя міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Дапамажы людзям” (“Help people”) з Каралеўства Нідэрландаў.
У Шумілінскага раёна даўнія і цесныя адносіны з арганізацыяй “Дапамажы людзям”. Арганізацыя пачынала сваю дзейнасць з дапамогі дзецям Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі. Але дабрыні няма межаў, таму спонсары і валанцёры з Нідэрландаў актыўна падключыліся да ўзаемін з сацыяльнымі, медыцынскімі, адукацыйнымі ўстановамі нашай краіны.  Дабрачынная арганізацыя дапамагае дзецям, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, пажылым пацыентам сацыяльных устаноў.
Супрацоўніцтва з нашым раёнам пачыналася амаль два дзясяткі гадоў таму, калі Галіна Гаўрылаўна Пеніна, якая ў той час узначальвала раённую арганізацыю Беларускага фонду міру, выйшла на сувязь з гэтай дабрачыннай арганізацыяй.
Дзякуючы ўстаноўленым сувязям, у Нідэрландах адпачывалі дзеці з нашага раёна, паміж многімі сем’ямі ў абедзвюх краінах усталяваліся сяброўскія адносіны. Арганізацыя шмат разоў прывозіла ў раён гуманітарную дапамогу, мэблю для школ раёна, спецыяльныя медыцынскія ложкі для цэнтральнай раённай бальніцы, інвалідныя каляскі.

Валанцёры гэтай арганізацыі з невялікага гарадка Зюдвольдэ (Zuidwolde) плённа працавалі на рэканструкцыі харчовых блокаў у сталовых Обальскай СШ, раённай гімназіі, цэнтральнай раённай бальніцы.
Вялікі ўклад зрабілі сябры з Нідэрландаў у развіццё аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў аграгарадку Мішневічы. За сродкі дабрачыннай арганізацыі заменены дах на будынку аддзялення, набыта мэбля для пацыентаў, абсталяванне для харчаблока,  ЖК-тэлевізар. Уласную працу валанцёры арганізацыі ўклалі ў рамонт сталовай і кухні, душавой і туалета. За сродкі арганізацыі і сіламі валанцёраў у 2014 годзе ўзведзены будынак пральні, дзе ўстаноўлена сучаснае пральнае, сушыльнае і гладзільнае абсталяванне, якое палегчыла работу абслугоўваючага персаналу аддзялення. Усё зробленае істотна палепшыла ўмовы пражывання для насельнікаў аддзялення.
У 2006 годзе ў Нідэрландах пабывала дэлегацыя нашага раёна, нашы сябры таксама неаднойчы наведвалі Шумілінскі раён, знаёміліся з прыроднымі скарбамі нашага краю. Вось і сёлета яны наведаюць тыя сацыяльныя ўстановы і школы, у якіх працавалі раней, наведаюць музей у Обалі.
У ходзе сустрэч мяркуецца абмеркаваць планы далейшага супрацоўніцтва ўстаноў і арганізацый раёна з дабрачыннай арганізацыяй “Дапамажы людзям”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Фота з архіва Аліны ПЯТРОВАЙ.
Надрукавана ў №32 ад 20.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *