Выпускникам предлагают целевые направления на сельхозспециальности

Образование Экономика

З накіраваннем лягчэй паступіць

Практычна ва ўсіх сельгасарганізацыях нашага раёна  не хапае  кваліфікаваных спецыялістаў. Раёну патрабуюцца аграномы, інжынеры, заатэхнікі, асемянатары, тэхнікі-механікі, энергетыкі, вадзіцелі, слесары, эканамісты і бухгалтары. Галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Юлія Харкевіч раіць абітурыентам, якія выбралі сельскагаспадарчыя спецыяльнасці заключаць дагаворы на мэтавую падрыхтоўку.
“Абітурыенты з накіраваннем ідуць па асобным конкурсе, – расказала яна. – На сельскагаспадарчыя спецыяльнасці можа паступіць кожны, хто набярэ мінімальную суму балаў. У мінулым годзе, напрыклад, гэты мінімальны парог быў зніжаны: набіраеш 5 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні і, лічы, ты ўжо студэнт”.
Разлічваць на накіраванне могуць не толькі выпускнікі сельскіх школ, але і гарадскіх. У мінулым годзе па накіраванні ад раёна ў вышэйшыя навучальныя ўстановы паступіла 6 чалавек, у сярэднія спецыяльныя – 8 чалавек.
“Пасля заканчэння вучобы спецыялісты, які вучыліся па накіраванні, павінны вярнуцца ў свой  раён і адпрацаваць пасля заканчэння ВНУ абавязковыя пяць гадоў, пасля ССНУ – тры гады, – тлумачыць Юлія Харкевіч. – Маладыя людзі ведаюць, што першае працоўнае месца, дзе яны набяруцца вопыту, ім забяспечана. Да таго ж, сельгаспрадпрыемствы прадастаўляюць маладым спецыялістам жыллё”.
Папулярнасцю ў абітурыентаў карыстаецца Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, дзе вучаць на заатэхнікаў і ветурачоў. Выпускнікі школ нашага раёна паступаюць  у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасці “эканоміка ў галінах АПК”, “тэхнічнае забеспячэнне працэсу сельскагаспадарчай вытворчасці”, “рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць”, “аўтаматызацыя тэхналагічнага працэсу вытворчасці”. У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, якая знаходзіцца ў г. Горкі Магілёўскай вобласці, можна вывучыцца на агранома, аграхіміка, заатэхніка, інжынера, эканаміста, бухгалтара.
Для тых, хто не рызыкуе адразу паступаць у ВНУ, ёсць магчымасць атрымаць накіраванне ў каледжы, і пасля заканчэння ССНУ прадоўжыць навучанне ў акадэміі ці ўніверсітэце па скарочанай праграме.  У райсельгасхарчы можна атрымаць накіраванне на вучобу ў Віцебскі  і Смальянскі аграрныя каледжы, у Лепельскі і Гарадоцкі аграрна-тэхнічныя каледжы, у Полацкі аграрна-эканамічны каледж. У гэтых навучальных установах вучаць на аграномаў, заатэхнікаў, эканамістаў, бухгалтараў, тэхнікаў-механікаў, энергетыкаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №34 ад 03.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *