“Прафсаюзы і будучае сферы працы”

Актуалии Общество Экономика

“Прафсаюзы і будучае сферы працы”

На мінулым тыдні ў Мінску прайшоў Міжнародны форум “Прафсаюзы і будучае сферы працы”,  арганізатарамі якога выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. На мерапрыемства былі запрошаны актывісты прафсаюзнага руху з трыццаці замежных краін, журналісты. Актыўны ўдзел у форуме ўзялі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Л. С. Ананіч, міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь І. А. Касцевіч.
Адкрыў форум старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М. С. Орда. Міхаіл Сяргеевіч расказаў, што на рынку працы сёння назіраецца рост канкурэнцыі. З кожным годам робаты выцясняюць ручную працу, з’яўляюцца новыя спецыяльнасці. Усе гэтыя пытанні патрабуюць пільнай увагі з боку прафсаюзаў усяго свету. Галоўная задача прафсаюза – абараніць правы і інтарэсы чалавека працы.
Сваімі напрацоўкамі з беларускімі калегамі дзяліліся эксперты ў вобласці працоўнага права, кіраўнікі міжнародных прафсаюзных арганізацый з Кітая, Расіі, Францыі, Іспаніі і іншых краін.
Выступоўцы закраналі такія пытанні, як работа і грамадства, арганізацыя працы і вытворчасці, упраўленне сферай працы. Якія дастойныя працоўныя месцы будуць прадастаўлены моладзі? Якім чынам можна змяніць форму і арганізацыю працы? Наколькі будучыня залежыць ад новых тэхналогій і ад саміх нас?
У рамках агульнага мерапрыемства прайшоў другі форум “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства” падчас якога адбылася прэс-канферэнцыі Л. С. Ананіч і М. С. Орды. Журналістаў цікавілі пытанні аховы працы, работы прафсаюзных лідараў, ролі грамадскіх інспектараў, арганізацыі прававых прафсаюзных прыёмных, першага рабочага месца для маладых спецыялістаў.
Л. С. Ананіч падкрэсліла, што прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі вельмі добра ведаюць праблемы сваіх рэгіёнаў і ўсебакова паказваюць на старонках газет, у тэлевізійных перадачах і на радыё, як сёння вырашаюцца сацыяльныя пытанні. Журналісты даносяць да людзей праўду, дапамагаюць вырашаць многія праблемы. Сіла слова разам з прафсаюзнай падтрымкай дае добры вынік. Чытачы і гледачы вераць артыкулам і перадачам, якія заўсёды падтрымліваюць прафсаюзных лідараў, расказваюць пра самае каштоўнае ў нашым грамадстве –  чалавека працы. Лепшым журналістам рэспублікі былі ўручаны граматы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і падзякі ФПБ.
У другі дзень форуму журналісты сустрэліся са старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў АПК М. А. Лабушавым, абмеркавалі тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца прафсаюзныя лідары аграпрамысловага комплексу.
Удзельнікі форуму і прадстаўнікі рэгіянальных СМІ пазнаёміліся з прафсаюзным санаторыям “Крыніца”, з работай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі фабрыкі ”Камунарка”.
На форуме пабывала Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №35 ад 05.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *