Накануне 9 мая в Шумилино прошёл День призывника

Актуалии Новости Общество

Абавязак сапраўдных мужчын

Абараняць Радзіму – святы і ганаровы абавязак.  Так было спрадвеку і так будзе. Кожны прызыў на тэрміновую вайсковую службу – адмысловы, але  асабліва трапяткі, калі Дзень прызыўніка праходзіць перад святым для кожнага беларуса святам – Днём Перамогі.
Пятнаццаць  нашых землякоў неўзабаве папоўняць рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Шумілінскія хлопцы будуць служыць у 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе (Віцебск),  у 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе (Заслонава),  у батальёне Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (Віцебск). Кожная часць, дзе будуць служыць шумілінцы, мае сваю слаўную гісторыю. Так, баявы шлях 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады непарыўна звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. “Наша брыгада створана 12 верасня 1941 гады ў Свярдлоўскай вобласці, – адзначыў намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Д. А. Глінскі. – Баявое хрышчэнне прынялі ў бітве за Маскву. За гераізм і ваеннае майстэрства, праяўленыя ў баях пад горадам Белы, дывізія 17 сакавіка 1942 года была ператворана ў 22-ю гвардзейскую стралковую дывізію”. Дзмітрый Аляксандравіч падкрэсліў, што шумілінскія хлопцы заўсёды годна служаць і працягваюць лепшыя традыцыі  19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады.
Па традыцыі прызыўнікі накіроўваюцца да брацкіх могілак. Будучыя салдаты на гэтым святым месцы атрымалі афіцэрскі наказ ад старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўніка В. І. Жандарава і мацярынскае слова ад старшыні раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікавай.
У раённым цэнтры  культуры  прызыўнікам быў прапанаваны сучасны грамадзянскі абрад “Праводзіны ў армію” ў рамках творчага праекта “Вянок святаў”.
Старшыня раённай прызыўной камісіі, намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава  павіншавала хлопцаў з гэтай паваротнай у іх жыцці падзеяй. “Пасля праходжання  тэрміновай вайсковай службы мы будзем чакаць вас у раёне,” – падкрэсліла Ірына Іванаўна.
Благаславіў хлопцаў іерэй Вадзім Яско.
Ваенны камісар аб’яднанага ваенкамата Бешанковіцкага і   Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч зачытаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб звальненні ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы і рэзервістаў і прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве”.    Кожны прызыўнік атрымаў павестку з датай адпраўкі ў вайсковую часць.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №36 ад 12.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *