Доска почёта Шумилинского района: Шумилинская детско-юношеская спортивная школа

Актуалии Общество Спорт, туризм

Перамогі не бываюць выпадковымі

За высокія паказчыкі, дасягнутыя ў рабоце ў 2016 годзе, на раённую Дошку гонару занесена спецыялізаваная вучэбна-спартыўная ўстанова фізічнай культуры і спорту “Шумілінская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа”.

На сённяшні дзень у ДзЮСШ працуюць 9 трэнераў па трох відах спорту:  па валейболе, грэка-рымскай барацьбе і лёгкай атлетыцы.  Аддзяленні спартыўнай школы адкрыты ў Шумілінскай СШ №2,  Обальскай СШ і Башнёўскай СШ. Усяго займаецца 247 навучэнцаў.
У мінулым годзе нашы валейбалісты выйгралі чатыры з шасці абласных першынстваў. Каманда юнакоў 2003 г. н.  стала двухразовым пераможцам  дзіцяча-юнацкай  валейбольнай лігі.
На рахунку обальскіх барцоў – неаднаразовыя перамогі ў абласных і рэспубліканскіх турнірах. Обальскія барцы   шэсць разоў выйгралі рэспубліканскае першынство: неаднаразовым чэмпіёнам Беларусі стаў Ягор Ганушчанка, чэмпіёнамі і прызёрамі рэспубліканскіх чэмпіянатаў станавіліся Дзмітрый Кучмароў, Мікіта Барсукоў і Яўген Грачухін. Абласныя старты выйгравалі юныя барцы Вячаслаў Цітоў і Ягор Абраменка.
Шумілінскія валейбалісты Антон Сушынскі, Арцём Масько і Пётр Лазука гуляюць у нацыянальных зборных сваіх узростаў. Маладзёжная зборная Беларусі па валейболе (капітан  Антон Сушынскі)  выйшла ў фінальную частку сусветнага чэмпіянату. Обальскія  барцы Вадзім і Уладзіслаў Грачухіны зараз у маладзёжнай зборнай Беларусі, Ягор Ганушчанка – у кадэцкай.
Летась школа прымала першынство вобласці па валейболе сярод хлопцаў. ДзЮСШ таксама  прымала адзін з тураў дзіцячай валейбольнай лігі. Турнір, прысвечаны памяці трэнера Анатоля Завадскага, стаў міжнародным, у турніры браў удзел сярэбраны прызёр чэмпіянату  Расіі – юныя валейбалісты з Адзінцова.  Папулярны ў вобласці і валейбольны турнір, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Пятра Акуцыёнка.  Багатыя традыцыі мае турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці маладзёжнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”, які праводзіцца ў Обалі больш за 30 год.
Нарматыў кандыдата ў майстры спорту выканалі барцы Яўген Грачухін, Ягор Ганушчака і Дзмітрый Кучмароў і валейбаліст Антон Сушынскі.
І знешні выгляд ДзЮСШ павінен адпавядаць самым высокім патрабаванням. Так, за апошні час зроблены годны рамонт у спартыўнай школе, у спартыўнай зале з’явілася сучаснае электроннае табло, ёсць неабходны спортінвентар.
“За кожным поспехам стаіць штодзённая і карпатлівая работа трэнераў, – упэўнены дырэктар ДзЮСШ Алег Асташонак. –  Мне пашанцавала з калектывам. З упэўненасцю магу сказаць, што ў нас сабраліся спецыялісты, з якімі можна рэалізаваць самыя смелыя планы. Найперш, хочацца адзначыць Пятра Васільевіча Ганушчанку і  Аляксея Аляксеевіча Паршыкава, менавіта яны найбольш плённа падводзяць сваіх выхаванцаў да высокіх спартыўных вынікаў. Гэта сапраўдныя прафесіяналы.
Амаль 40 год працуе ў ДзЮСШ Любоў Васільеўна Бабова.  Менавіта з ёй робяць малышы першыя крокі ў валейболе. Яна дала пуцёўку ў спартыўнае жыццё не аднаму пакаленню шумілінцаў.
Дзякуючы трэнерам Юрыю Яўгенавічу Пальвінскаму і Людміле Мікалаеўне Харкавец  атрымаў другое дыханне валейбол у  СШ №2 і Обальскай СШ. Гэтыя трэнеры ўмеюць і могуць падрыхтаваць моцныя каманды. І сёння можна сцвяржаць, што традыцыйным стала  раённае першынство ДзЮСШ па валейболе.
З пачатку навучальнага года ў школе працуюць маладыя трэнеры Ганна Белавусава, Уладзіслаў Вязіцкі і Яўген Асташонак. Яны толькі пачынаюць свой шлях, і ў калектыве ўпэўнены, што з іх вырастуць сапраўдныя трэнеры, якія падрыхтуюць не аднаго чэмпіёна.
Як жа не ўзгадаць добрым словам і  Тамару Дзмітрыеўну Галуза. Яна стварыла ў ДзЮСШ  менавіта  хатнюю атмасферу. Візітнай карткай як Тамары Дзмітрыеўны, так і ўвогуле нашай ДзЮСШ  стала мноствам хатніх кветак”.
Зразумела, адна з галоўных задач кіраўніка ўстановы – эфектыўна і якасна арганізаваць вучэбна-трэніровачны працэс. “Кожны трэнер ведае сваю работу, – адзначае Алег Вячаслававіч. – Мая задача як дырэктара – стварыць для трэнераў умовы для нармальнай і плённай работы.  Важна не перашкаджаць трэнерскай працы, як гаворыцца, не лезці ў чужы двор са сваімі законамі”. Тое, што Алег Вячаслававіч не толькі ставіць задачы перад сваімі падначаленымі, а і дапамагае ў іх вырашэнні – факт бясспрэчны. І такая пазіцыя кіраўніка знаходзіць поўную падтрымку сярод трэнераў.
Алег Вячаслававіч запэўніў тое, што  шумілінскія спартсмены і надалей будуць радаваць заўзятараў годнымі спартыўнымі вынікамі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №38 ад 19.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *