Уклад шумілінцаў у сусветны вопыт

Общество Экономика

Уклад шумілінцаў у сусветны вопыт

Людзям з абмежаванымі магчымасцямі, іх сацыяльнай адаптацыі, працаўладкаванню быў прысвечаны міжнародны інтэграцыйны форум “Даступная праца і занятасць людзей з інваліднасцю”, які прайшоў у Віцебску. Адметна, што ў гэтым маштабным форуме, дзе працавалі прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Украіны, Малдовы і іншых краін, самы непасрэдны ўдзел прыняў Шумілінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Як паведаміла рэдакцыі дырэктар ТЦСАН Валянціна Штуро, шумілінцы прынялі ўдзел у рабоце секцый, падзяліліся вопытам арганізацыі самазанятасці людзей з інваліднасцю, арганізавалі майстар-клас па вырабу кветак з фаамірану. Дарэчы, кветкі гэтыя, якія робіць чалавек з інваліднасцю, мелі вялікі попыт, адны куплялі іх для ўпрыгажэння свайго інтэр’еру, іншыя цікавіліся сакрэтамі вырабу. Але галоўнае, што чалавек, які іх зрабіў, адчуў большую ўпэўненасць у сабе, у тым, што ён на роўных можа жыць і працаваць у грамадстве.
Работа гэтая няпростая, індывідуальная, кажуць ва ўстанове сацыяльнага абслугоўвання, яе не зробіш наскокам, падчас чалавека з абмежаванымі магчымасцямі перш трэба вучыць азам самаабслугоўвання, вельмі важна дапамагчы пераадолець псіхалагічны бар’ер. І тым каштоўней поспех кожнага.
На форуме была прадстаўлена прэзентацыя магчымасцей вядзення бізнесу, рамесніцтва, індывідуальнага прадпрымальніцтва, паспяховыя прыклады працаўладкавання людзей з інваліднасцю.
Інтэграцыйны форум “Даступная праца і занятасць людзей з інваліднасцю” арганізаваны Цэнтрам развіцця прадпрымальніцкай актыўнасці людзей з інваліднасцю “Вузел” у партнёрстве з асветніцкай праваабароннай установай “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”. Мерапрыемства было ўключана ў праграму 5-га тыдня даступнасці.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *