Чым заняць дзяцей летам?

Безопасность Образование Семья

Чым заняць дзяцей летам?
Напэўна, не памылюся, калі выкажу занепакоенасць многіх бацькоў наступным пытаннем: чым заняць дзяцей летам? На гэту ж праблему накіравана міжведамасная рэспубліканская праграма “Клопат”, якая праходзіць з пачатку мая і на працягу ўсяго лета і  за якую ў адказе супрацоўнікі РАУС сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, райкамам БРСМ і іншымі адказнымі структурамі. Праграма накіравана на прафілактыку безнагляднасці, дарожна-транспартных здарэнняў, дзіцячага траўматызму, крадзяжоў і іншых правапарушэнняў. Што робіцца ў гэтым накірунку ў нашым раёне – пра гэта гутарым са спецыялістамі адказных структур.
Алена Селязнёва, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС:
– На ўліку ў інспекцыі знаходзяцца 11 падлеткаў. Наша задача – адправіць іх у лагеры адпачынку ці  працаўладкаваць. Адным словам, зрабіць усё магчымае для таго, каб дзеці былі занятыя. Будзем праводзіць рэйды, правяраць падлеткаў па месцы жыхарства. У планах – адпрацоўка гандлёвых аб’ектаў на прадмет выяўлення незаконнага продажу спіртнога, наведванне клубаў і дыскатэк. Акрамя таго, за кожным аздараўленчым лагерам замацаваны супрацоўнік РАУС, так што міліцыя будзе ў курсе ўсіх дзіцячых праблем, калі такія ўзнікнуць.
Мікалай Гаралевіч, начальнік ДАІ:
–  Асноўная задача дзяржаўтаінспекцыі – не дапусціць гібелі людзей на дарогах. Запланавана шмат тэматычных рэйдаў. Будзем правяраць, ці па правілах дзеці ездзяць на веласіпедах, ці правільна пераходзяць дарогу, ці паклапаціліся бацькі купіць дзіцячыя крэслы ва ўласны аўтамабіль. Акрамя таго, супрацоўнікі ДАІ будуць выязджаць з прафілактычнымі гутаркамі ў аздараўленчыя лагеры.
Юлія Маісеенка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
– Ва ўстановах культуры клубнага тыпу ў летні час будуць працаваць 47 клубных фарміраванняў рознага накірунку: тэатральныя студыі, танцавальныя гурткі, вакальныя калектывы. Установы бібліятэчнай сістэмы нашага раёна прапануюць 16 розных гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах, якія летам могуць наведваць дзеці. Па жаданні яны могуць выбраць экалагічны, літаратурны, этнаграфічны ці нейкі іншы накірунак. Розныя пазнавальныя праграмы, інтэрактыўныя гульні, выставачныя праекты прапануе летам дзецям гісторыка-краязнаўчы музей.
Святлана Валекава, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
– На перыяд летніх канікулаў далі згоду на працаўладкаванне падлеткаў КУСГП “Ульскі”, ААТ “Ляжні” і ПМК-70. У першую чаргу на работу будуць накіроўвацца падлеткі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, з мнагадзетных і няпоўных сем’яў, а таксама з нядбайных.
Любоў Сямёнава, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
–  Прапануем дзецям два аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем – “Пунсовы ветразь” у Лескавічах і  “Дружба” ў Амбросавічах. Акрамя таго, летам будзе працаваць 14 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, дзе адпачнуць 382 дзіцяці. Прычым, сярод лагераў ёсць сем профільных: у СШ № 2, Обальскай, Мішневіцкай, Мікіціхінскай школах – сумесна з РАНС, у СШ № 1 і Слабадской школе – сумесна з РАУС, у СШ № 1 – сумесна з адасобленай групай ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. У шасці школах –  Обальскай, Амбросавіцкай, Слабадской, Мікіціхінскай, Мішневіцкай і СШ № 2 –  будуць працаваць лагеры працы і адпачынку, якія змогуць наведаць 78 чалавек. Пры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе будзе арганізаваны спартыўны лагер, дзе за тры змены адпачнуць 122 дзіцяці.
Яўген Кананчук, в. а. першага сакратара райкама БРСМ:
– Летам падлеткі змогуць наведаць тры валанцёрскія лагеры: у чэрвені – у СШ № 1 г. п. Шуміліна, у ліпені – у СШ № 2, у жніўні – у Обальскай СШ. У валанцёрскіх лагерах хлопцы і дзяўчаты будуць не толькі адпачываць, але і займацца карыснымі справамі: палоць клумбы ля школы, наводзіць парадак на брацкіх могілках. Таксама ёсць дамоўленасць з некаторымі сельгаспрадпрыемствамі, якія змогуць працаўладкаваць на летні час членаў БРСМ.
Гутарку вяла
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 43 ад 06.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *