В Ковляковском сельсовете прошли встречи представителей власти с населением

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Край адметны і маляўнічы
7-8 чэрвеня ў рамках дня работы з насельніцтвам у Каўлякоўскім сельсавеце прайшлі сустрэчы з вяскоўцамі.

Два дні групы, на чале якіх былі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ю. С. Маісеенка, наведалі ўсе населеныя пункты Каўлякоўскага  сельсавета.
Каўлякоўшчына – край маляўнічы і адметны. Адметны перш за ўсё тым, што тут больш, чым у якім іншым у Шумілінскім раёне, населеных пунктаў, толькі вось жыхароў зусім няшмат. Багата на Каўлякоўшчыне вёсачак, у якіх пражываюць 1-2 вяскоўцы, пераважна пенсіянеры. Гэта накладвае свой адбітак на  стыль жыцця.  Тутэйшыя людзі не любяць скардзіцца на жыццё, імкнуцца лепш зрабіць самі. Але для іх важна, што прыехалі прадстаўнікі ўлады з раёна, пацікавіліся іх жыццём, праблемамі.
Група на чале з Ю. С. Маісеенка, у якую ўваходзілі прадстаўнікі РАНС, РАУС, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, рэдакцыі раённай газеты і мясцовага сельвыканкама, наведала 13 вёсак Каляўкоўскага сельсавета.
Самая шматлюдная з наведаных вёсак – Навікі. Насычанай і грунтоўнай адбылася гутарка на сходзе ў  Навікоўскай  школе, якая доўжылася каля гадзіны. Вяскоўцы гаварылі пра сваё жыццё, дзяліліся прыватнымі пытаннямі, цікавіліся навінамі раёна.
Падчас сустрэчы  ўзнялі тэму дзіцячых пляцовак у Крывым Сяле. Старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава зазначыла, што ў бліжэйшы час такая пляцоўка ў аграгарадку з’явіцца.
Найбольш хвалявала вяскоўцаў аўталаўка: зусім бедны асартымент, часам нельга набыць нават прадукты першай неабходнасці, якасць тавараў жадае быць лепшай. “Курыцу бачым  раз у паўгода, а то і радзей”, – эмацыянальна адзначыла адна з жанчын.
Пытанняў да кіраўніцтва райпо шмат. Але ж у першую чаргу якасць абслугоўвання залежыць ад  стаўлення прадаўца аўталаўкі да сваёй працы. Тым больш, што ў тым жа сельсавеце ёсць станоўчыя прыклады. Жыхары вёскі Яцукі прасілі падзякаваць вадзіцелю аўталаўкі: “Тавараў заўсёды шмат, цэннікі ёсць, пастаянна дае чэкі. Што папросім, тое наступным разам прывязе”.
Астатнія 12 вёсак, якія наведала група, маланаселеныя – 1-2 двары і дачнікі. Нягледзячы на тое, што большасць вяскоўцаў пенсіянеры, усе яны сапраўдныя гаспадары: дагледжаныя дамы, агароды. “Як жа жыць на вёсцы і без свайго агарода, – усміхаліся вяскоўцы. – Мы так не можам. Пакуль сілы ёсць, вырошчваем тое-сёе для сябе”.
Прасілі дапамагчы з рашэннем праблемных пытанняў. Так, у Свярдлах – праблема з водазабеспячэннем, у Яцуках – з добраўпарадкаваннем на могілках.
Падчас аб’езду ва ўсіх вёсках былі наведаны адзінока пражываючыя, з пэўнай катэгорыяй насельніцтва былі праведзены прафілактычныя гутаркі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №45 ад 13.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *