Прошла выездная коллегия Шумилинского райсельхозпрода

Актуалии Президент Экономика

Зламаць негатыўныя тэндэнцыі

У чацвер 8 чэрвеня адбылася калегія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у рабоце якой бралі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, члены раённага выканаўчага камітэта. На пасяджэнне былі запрошаны спецыялісты ўпраўлення, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама галоўныя спецыялісты гаспадарак раёна – заатэхнікі, ветурачы, эканамісты і бухгалтары.
На пасяджэнні былі падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за пяць месяцаў. Старшыня райвыканкама адзначыў, што большасці гаспадарак не ўдаецца зламаць негатыўныя тэндэнцыі ў жывёлагадоўлі – працягваецца зніжэнне пагалоўя жывёлы (хаця ў цэлым па раёне гэты паказчык на ўзроўні 101,5%), не ўдаецца выйсці на мінулагодні ўзровень вытворчасці і рэалізацыі малака.
З аналізам работы галіны выступіў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэй Кузняцоў.  Падрабязна, з аналізам сітуацыі ў кожнай гаспадарцы, разбіраліся пытанні ўзнаўлення статку, пакрыцця жывёлы і выхаду цялят, кармлення маладняку і прывагі жывёлы, выбыцця кароў і цялят, слухалі справаздачы кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак.
“Такая работа кіраўнікоў і спецыялістаў недапушчальная, – падсумаваў  кіраўнік раёна. – Нізкі ўзровень вытворчасці і продажу малака не дае магчымасці своечасова выплачваць заработную плату, мець грошы для бягучых патрэб сельгасарганізацый, і, адпаведна, вядзе да вымушанага продажу жывёлы і да зніжэння пагалоўя”. Такім чынам гаспадаркі губляюць аснову для далейшага развіцця. Да таго, калі адны гаспадаркі (“Ляжні”, “Лаўжанскі”) рэалізуюць жывёлу па высокіх цэнах, другія (“Сіроцінскі”, “Мішневічы”) прадаюць яе ўдвая танней  – гэта падстава для цікаўнасці з боку праваахоўных органаў, падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Быў разгледжаны ход работ па доглядзе за пасевамі. Аляксандр Снараў падкрэсліў, што пасяўная праводзілася ў складаных умовах, таму зараз найпершая задача – захаваць усе патрабаванні тэхналогіі вырошчвання культур, каб атрымаць годны ўраджай. І ў ліку галоўных работ зараз – хімпраполка пасеваў. Начальнік аддзела інтэнсіфікацыі райсельгасхарчу Раман Прасветаў паведаміў, што хімпраполка праведзена на 31% плошчаў, яе стрымлівае недастатковая колькасць прэпаратаў – забяспечанасць складае 40%. “Што робіцца для закупу гербіцыдаў і інсектыцыдаў? Якія схемы закупкі прэпаратаў прапрацаваны?”, – пытанні старшыні былі адрасаваны як кіраўніцтву гаспадарак, так і спецыялістам упраўлення.
Намеснік начальніка райсельгасхарчу Андрэй Мацюшчанка паведаміў пра гатоўнасць корманарыхтоўчай тэхнікі. “Масавая нарыхтоўка кармоў пачнецца з панядзелка (12 чэрвеня – рэд.), – сказаў кіраўнік раёна. – Трэба нарыхтаваць дастатковую колькасць кармоў у самыя сціслыя тэрміны. Халодная вясна не дала сфарміравацца ўраджаю траў у поўнай меры, таму неабходна хутка ўбраць першы ўкос, каб атрымаць яшчэ і паўнавартасны другі”.
Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі калегіі наведалі некаторыя фермы і мехдвары КУСГП “Мішневічы”, УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, ААТ “Прыазёрны мір”. Як адзначаў Аляксандр Снараў, на большасці вытворчых аб’ектаў наведзены парадак і цяпер яго трэба падтрымліваць на належным ўзроўні, каб не прыйшлося зноў укладваць значныя сродкі ў аднаўленне гэтых аб’ектаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Надрукавана ў №45 ад 13.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *