Сергей Конышев: Мы контролируем всё, начиная с родильного дома, и до кладбища

Актуалии Здоровье

Прафілактыка здароўя у перспектыве і папуляцыі, або Пра тое, чым займаецца санітарная служба раёна

На якіх галоўных задачах засяроджаны намаганні санітарнай службы раёна, якія пагрозы нашаму здароўю існуюць ў сучасным свеце, у якія магазіны лепш хадзіць, і навошта трэба прышчэплівацца – пра гэта і многае іншае напярэдадні прафесійнага свята мы гутарым з галоўным санітарным урачом раёна Сяргеем Конышавым.
– Сяргей Алегавіч, вы ўзначальваеце Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, але, згадзіцеся, звычайнаму чалавеку ўсё ж не заўжды проста ўсвядоміць, чым вы займаецеся.
– Так, сапраўды, часцей за ўсё наша работа адразу не прыметная. Напрыклад, зрабіў хірург аперацыю – вынік хуткі і відавочны,  выратаваў супрацоўнік МНС чалавека – таксама. Наша ж першаступенная задача накіравана на прафілактыку здароўя ў перспектыве і папуляцыі. Гэта значыць, што вынік тых ці іншых намаганняў будзе відавочны гадоў праз 10-15. І калі тыя ж выратавальнікі самі займаюцца і прафілактыкай, і непасрэдна выратаваннем людзей, то ў ахове здароўя гэтыя функцыі падзелены: органам прафілактыкі з’яўляемся мы, а органам выратавання – бальніца.
Наогул, каб было зразумела, структуру Цэнтра прадстаўляюць тры аддзелы: гігіены, эпідэміялогіі і лабараторны аддзел, кожны з якіх мае сваю падструктуру. Той жа аддзел гігіены, напрыклад, займаецца гігіенай дзяцей і падлеткаў, гігіенай харчавання, працы і камунальнай гігіенай. Атрымліваецца надзвычай шырокі спектр дзейнасці. Як жартуюць медыкі, мы кантралюем усё, пачынаючы ад радзільнага дома, і да могілак.
– Наогул, санстанцыяй у нас прынята пужаць, маўляў, наляцяць, правераць, усё забароняць. Але ў той жа час, я чула, што колькасць праверак скарацілася?
– Колькасць праверак таго альбо іншага суб’екта залежыць ад групы рызыкі, да якой ён належыць. Некаторыя, наогул, правяраюцца раз у пяцігодку. Суб’ект звычайна правяраецца комплексна: санітарнай службай, МНС, падатковай і г. д. На праверку выдзяляецца месяц, і ўжо ў пачатку года вядома, дзе і калі яна будзе. Больш таго, за месяц мы дадаткова папярэджваем, дасылаем спіс пытанняў. Гэта значыць, што знянацку праверка не наляціць, і любы сумленны суб’ект можа як след да яе падрыхтавацца. Гэта тычыцца планавых праверак, бываюць і пазапланавыя, якія зноў жа праводзяцца не проста так. Напрыклад, праверка прадпрыемстваў, якія займаюцца перапрацоўкай малака і мяса, у сувязі з прэтэнзіямі Расіі да нашай прадукцыі. Таксама праводзяцца маніторынгі – такая своеасаблівая форма прафілактыкі, калі мы не выкарыстоўваем адміністрацыйны рэсурс, а проста ўказваем на недахопы. А так вы слушна заўважылі, праверак становіцца менш, а на другое паўгоддзе, напрыклад, на іх будзе аб’яўлены мараторый.
– А ці не расхалоджвае такая сітуацыя, як вы лічыце?
– Я ўпэўнены, што кожны суб’ект павінен навучыцца сам несці адказнасць, незалежна ад праверак і санкцый, быць зацікаўленым у якасці аказваемай паслугі. Існуючы ва ўмовах канкурэнцыі, прадпрыемства вымушана працаваць на свой рэйтынг. Ніхто ж не прымусіць вас пайсці, скажам, у магазін з няякасным абслугоўваннем.
– Дарэчы, калі гаварыць пра шумілінскі гандаль, думаю, усім цікава, каго вы можаце пахваліць?
– Наогул, да грубых парушэнняў мы адносім  адсутнасць дакументаў на рэалізуемую прадукцыю і наяўнасць пратэрмінаванай прадукцыі. Хваліць дужа не хочацца, але тым не менш адзначу “Міні-маркет”. Нам яшчэ ніколі  не ўдавалася знайсці там пратэрміноўку. Ёсць дробныя заўвагі, да якіх заўжды прыслухоўваюцца.
– Ці абсталявана ваша служба настолькі, каб лёгка і якасна выконваць усе свае задачы?
– Тое абсталяванне, якое ў нас ёсць, адпавядае задачам, якія перад намі стаяць. Канешне, экспрэс-метады нам пакуль недаступныя, але затое хібнасць даследаванняў нізкая. Да таго ж у нас ёсць акрэдытацыя Беларускага дзяржаўнага цэнтра акрэдытацыі – гэта своеасаблівы знак якасці.  Што тычыцца новага абсталявання, то летась мы купілі люксаметр.
– З якой праблемай да вас могуць звярнуцца людзі, скажам, я?
– Ну, напрыклад, калі вы сабраліся адкрываць бізнес, то вам не абысціся без нашых рэкамендацый. Нас цікавяць усе фактары, якія паўплываюць на здароўе людзей у перспектыве. Скажам, новае прадпрыемства гадоў праз 15 прывядзе да зніжэння рэпрадукцыйнай функцыі людзей, якія жывуць побач. Мы пралічваем усе рызыкі. Усе аб’екты, якія адкрываюцца, праходзяць узгадненне з санітарнай службай. Таксама, напрыклад, у РЦГЭ можна прайсці абследаванне на розныя інфекцыі.
– А калі я, сумняваючыся ў якасці пітной вады, набрала слоік і прынесла вам на даследаванне.  Вы яго зробіце?
– Не. Ёсць пэўныя ўмовы для правядзення такога даследавання, і ваша вада ў слоіку не можа быць матэрыялам для яго. Але вы можаце проста звярнуцца ў цэнтр з заявай і мы ўсё ж праверым ваду на якасць.
– А, дарэчы, як вы ацэньваеце якасць пітной вады ў Шуміліне?
– Вада добрая. Я сам п’ю з-пад крана.
– Па вашых ацэнках, здароўе жыхароў раёна паляпшаецца ці пагаршаецца?
– Калі аналізаваць у цэлым, то мы амаль поўнасцю справіліся з інфекцыйнай захворваемасцю. Мяркуйце самі, такія хваробы, як адзёр (корь – рус.),  краснуха, паратыт, у нас амаль не рэгіструюцца, дызентэрыі няма ўжо на працягу многіх год. Яшчэ гадоў 20 таму сітуацыя была кардынальна іншай. Тады прыходзілася часта сутыкацца з групавымі кішэчнымі інфекцыямі. Зараз жа такія інфекцыі носяць выключна вірусную этымалогію. Калі ўзяць такія сацыяльныя хваробы, як педыкулёз, каросту, мікраспарыю, то апошнія гады рэгіструецца ўсяго па 10-20 выпадкаў за год. Уявіце, што яшчэ не так даўно работнікі штодня выязджалі на дэзінфекцыю ачагоў гэтых хвароб.
Таксама хачу заўважыць, што працягласць жыцця пакрысе павялічваецца, гэта ў тым ліку вынік планамернай работы па прафілактыцы здаровага ладу жыцця. Мы разам з работнікамі бальніцы ўключаемся ў прафілактыку хвароб, якія выклікаюць найбольшую смяротнасць, – сардэчна-сасудзістых, ішэмічных, анкалагічных. У іх агульныя фактары рызыкі: курэнне, алкагалізм, пасіўны лад жыцця. Пад эгідай Міністэрства аховы здароўя ладзіцца безліч разнастайных мерапрыемстваў па прафілактыцы, плён якіх, я ўпэўнены, відавочны. Пацвярджэнне таму нядаўняя інфармацыя пра зніжэнне колькасці ўжывання алкаголю і табачнай прадукцыі ў нашай краіне.
Застаецца праблемай працягласць жыцця мужчынскага насельніцтва, якая вельмі моцна адрозніваецца ад жаночай. Тым не менш, я канстатую, што здароўе паляпшаецца. Нельга ў сувязі з гэтым не ўспомніць і пра вакцынацыю. Сёлета, напрыклад, у раёне быў зафіксаваны ўсяго адзін выпадак грыпу, а ўсё таму, што больш за 40% насельніцтва ў час прышчапілася.
– Якіх прынцыпаў здаровага ладу жыцця прытрымліваецеся асабіста вы?
– Па-першае, я не куру. Да таго ж, у мяне няма асаблівай цягі да алкаголю, моцных напіткаў не ўжываю наогул. Стараюся радзей карыстацца аўтамабілем, ва ўсялякім разе, па Шуміліне. Трымаю ў галаве вядомую рэкамендацыю пра 10 тысяч крокаў у дзень, якія вырашаюць многія праблемы са здароўем. Таксама стараюся не пераядаць, хаця, калі шчыра, з гэтым мне не заўжды ўдаецца спраўляцца. Дарэчы, гатаваць люблю, перавагу аддаю стравам на пару. Яшчэ ў чалавека абавязкова павінна быць хобі. Такая разгрузка ў перспектыве пазбавіць ад хвароб дэпрэсіўнага характару. Я чытаю, люблю фэнтазі, фантастыку, сачу за спартыўнымі навінамі. Тут кожнаму сваё.
– Здаецца, усё проста. Мы будзем браць з вас прыклад. Поспехаў вам і калектыву, які вы ўзначальваеце, у прафілактыцы нашага здароўя. Дзякуй за размову.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №46 ад 16.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *