“Пунсовы ветразь” расправіў крылы

Актуалии Новости

“Пунсовы ветразь” расправіў крылы

На гэтым тыдні расправіў свае крылы “Пунсовы ветразь” – дзіцячы аздараўленчы лагер у Лескавічах. 75 дзяцей паплылі на гэтым летнім караблі насустрач сваім забавам і прыгодам.
Як паведаміла рэдакцыі начальнік лагера Ларыса Маладзечкіна, усю першую змену выкупілі віцябляне. Ініцыятарам выступіла Віцебская нядзельная школа, якая даведалася, што ў прыгожым кутку Шумілінскага раёна побач з сасновым борам і возерам гарадскія дзеці змогуць цудоўна адпачыць, і арганізавала бацькоў.
Дарэчы, кошт адной пуцёўкі складае больш за 300 рублёў, і некаторыя бацькі цалкам узялі на сябе гэтыя расходы. Многім жа дапамог прафсаюз, які частку расходаў узяў на сябе.
Першая змена працуе з 17 чэрвеня па 4 ліпеня. Добрага адпачынку пажадалі дзецям на ўрачыстай лінейцы, якая прайшла ў панядзелак 19 чэрвеня, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова, іншыя госці, бацькі і педагогі.
“Пунсовы ветразь” прывычны да дзіцячага гаму, больш таго, яму падабаецца гэтая гарэзлівасць, смех, вяселле, і звычайна ён робіць усё, каб кожнаму дзіцяці было тут добра і здорава.
Першая ж змена запомніцца дзецям і цікавымі стасункамі з прыродай, бо яна носіць экалагічны накірунак. А старшы выхавальнік лагера Ірына Кулікава – эколаг па прызванні душы – прыадкрые многія таямніцы нашага блакітна-зялёнага дома.
Л. У. Маладзечкіна расказала, што “Пунсовы ветразь” запросіць дзяцей і на другую змену (з 8 па 25 ліпеня), якую ўжо актыўна браніруюць шумілінцы. Трэць пуцёвак ужо забралі барцы – аматары грэка-рымскай барацьбы, на лескавіцкіх прасторах яны, несумненна, стануць яшчэ больш спрытнымі і дужымі.
Мы ж пажадаем, каб усе дзеці Шумілінскага раёна адпачылі добра, набраліся сіл, накупаліся і загарэлі, наеліся клубніц і яблыкаў, каб кожны дзень лета быў насычаны сонцам і шчасцем.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №48 ад 23.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *