У “Пчолцы” працуюць і адпачываюць

Новости Образование

У “Пчолцы” працуюць і адпачываюць

У Слабадской школе арганізаваны летнік працы і адпачынку “Пчолка”, які працуе з 8 па 28 чэрвеня і разлічаны на 10 юнакоў і дзяўчат 14-15 год.
У летніку створаны і працуюць два атрады: “Рукадзельніца” і “Рабацягі”. Рукадзельніцы шыюць дзіцячую пасцельную бялізну, плануюць стварыць 20 камплектаў. Рабацягі займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі школы, брацкіх пахаванняў.
Вучаніца 8 класа Валерыя Кучарэнка: “У нашым летніку весела і цікава. Працуем спраўна, часу не заўважаем. Хочацца падзякаваць нашаму повару Валянціне Міхайлаўне Якаўлевай, якая гатуе смачна, як дома. У летніку мы не толькі працуем, але і весела праводзім час”.
“Сапраўды, – заўважыла начальнік летніка Тамара Васільева, – на гэты час запланавана шмат разнастайных мерапрыемстваў, прычым, не толькі працоўных і забаўляльных, але і прафілактычных”. У прыватнасці, праведзена сустрэча з супрацоўнікамі РАНС у рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню”, школа бяспекі “Бяспека на вадаёмах”, азбука закона “Табе споўнілася 14”, гадзіна ўзаемін “Ты ў гэтым жыцці не адзін” і інш.
У летніку пастаянна ладзяцца спартыўныя мерапрыемствы па валейболе, футболе, настольным тэнісе, прайшлі спаборніцтвы па дартсе.
У ходзе аперацыі “Абеліск” наводзіцца парадак на брацкіх могілках, ля абеліскаў у Дворышчы, Слабадзе, Сянькове. Нядаўна адбыўся велапаход па маршруце “Слабада – Ермачкі – Слабада. Дзеці навялі парадак на тэрыторыі, дзе запланавана ўстанаўленне памятнага знака жыхарам вёскі Ермачкі, якія былі расстраляны ў гады вайны.
Цікавым і насычаным знаходжанне ў  летніку “Пчолка” стараюцца зрабіць для дзяцей выхавальнікі Ірына Кучко, Надзея Неўмяржыцкая, Уладзіслаў Траццякоў.
А тым часам дзеці ўжо плануюць, куды патрацяць заробленыя ў летніку грошы. Адны збіраюцца на экскурсію ў сталіцу, іншыя патрацяць заробак на падрыхтоўку да новага навучальнага года, хтосьці плануе ролікі, а нехта і мабільны.
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Фота з сайта sloboda.schools.by
Надрукавана ў №48 ад 23.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *