Что выявил День работы с населением в Ловжанском сельсовете?

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Сум па зачыненым магазіне ў Цаўях і былым часе

У аўторак і сераду на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета прайшоў дзень работы з насельніцтвам. Усе вёскі і цэнтр Савета – аграгарадок Мікіціху – наведаў “дэсант” з райцэнтра ў складзе спецыялістаў аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, сацыяльнай службы, кіраўніцтва і супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях і РАУС, іншых адказных і зацікаўленых структур.
Вызначыць асноўны характар праблем, якія хвалююць жыхароў Лаўжаншчыны, немагчыма. Пытанні, якія ўзнімалі вяскоўцы падчас сходаў і гутарак, самыя разнастайныя і разнапланавыя, як, між іншым, і само жыццё. Самае чакаемае пытанне – асартымент аўтамагазінаў, праблема дапаўняецца адсутнасцю цэннікаў на тавары і наогул падаваемым транспартам (па словах жыхароў Залужжа і Бываліна, апошні час прыязджалі не аўталаўкі, а нейкія прыстасаваныя машыны, якія не вытрымліваюць ніякіх санітарных нормаў).
З самых сур’ёзных можна назваць стан вады ў Залужжы. Хаця і тут, як прызнаюцца самі вяскоўцы, сітуацыя не катастрафічная, аднак вежа, адкуль падаецца вада, вельмі старая, і перыядычна вада з калонак ідзе не самай лепшай якасці. І з гэтым трэба нешта рабіць.
Жыхары вёскі Пабеда прасілі знесці ляжачы паліцэйскі каля былой школы. Сітуацыю на месцы ацаніў начальнік райаддзела ўнутраных спраў Аляксандр Дзмітрэнка (ён быў членам групы) і прывёў пераканаўчыя довады наконт таго, што зносіць дарожную “перашкоду” нельга і не мае сэнсу, бо тут небяспечны ўчастак дарогі. Выказалі пабедцы незадаволенасць і тым, што пасля зачынення навучальнай установы дэманціравана спартыўная пляцоўка. “Няхай бы нашы дзеці тут займаліся спортам”…
Не першы раз вяскоўцы (і не толькі жыхары Лаўжанскага сельсавета)  абураюцца на работу работнікаў раёна электрычных сетак: “Кустоўе і сучча ўздоўж ліній электраперадач спілоўваюць і зразаюць, так і кідаюць, пасля сябе не прыбіраюць. Непарадак”. Жыхары вёскі Заобаль просяць кіраўніцтва РЭС ацаніць у іх вёсцы стан ліній электраперадач. Няўзброеным вокам бачна, што тут вельмі правіслыя правады і патрабуецца рамонт лініі.
А вось жыхары далёкай вёскі Цаўі (дарэчы, на сустрэчу, якая ладзілася на мясцовым аўтобусным прыпынку, прыйшло даволі шмат вяскоўцаў) задалі, можна сказаць, рытарычнае пытанне, хаця самі ведаюць на яго адказ: “Чаму ў нас усё зачыняецца? Ні медпункта, ні пошты, ні магазіна…”. Асабліва па магазіне ў іх вялікі сум. Аўталаўка, якая цяпер да іх прыязджае, ніяк не заменіць вясковай крамы. Да ўсяго, калі працаваў магазін, тут і медпункт, можна сказаць, на месцы быў: медык прыязджаў і асталёўваўся для медаглядаў у магазіне. Як не шукалі яны самі прэтэндэнта на пасаду прадаўца, нічога не выйшла: няма ў ваколлі не тое што падыходзячага чалавека, наогул, можна сказаць, людзей працаздольнага ўзросту па пальцах пералічыць можна. Старэе вёска, вельмі хутка старэе. А вось па медабслугоўванні на сходзе вырашылі пытанне так: адна з жыхарак Цаўёў згодная прадаставіць сваю хату для работы медыцынскага работніка.
Папрасілі жыхары Цаўёў таксама звярнуць асаблівую ўвагу кіраўніцтва сельсавета, мясцовай гаспадаркі і эколагаў на тое, што іх вёску атакуе баршчэўнік.
Што тычыцца цэнтральнай сядзібы савета – Мікіціхі – тут па вуліцы Цэнтральнай вельмі просіцца ямкавы рамонт. Пытанне будзе пастаўлена перад адпаведнымі службамі.
Падчас дня работы з насельніцтвам у абавязковым парадку былі наведаны мнагадзетныя сем’і, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і ў групе рызыкі, асобы, якія стаяць на прафілактычных уліках, інваліды. З усімі праведзены прафілактычныя гутаркі.
18 ліпеня ў рамках дня работы з насельніцтвам на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета пройдуць выязныя асабістыя прыёмы грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб кіраўніцтвам райвыканкама, а 21 ліпеня – дзень прафілактыкі, з наведваннем некалькіх устаноў і прадпрыемстваў, а таксама правядзеннем пасяджэння савета грамадскага пункта аховы правапарадку.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №54 ад 14.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *