Летом нужно не только готовить сани, но и чистить дымоходы

Бяспека Общество

З праверкай і дапамогай
Можа, некаторым падасца, што зіма далёка і думаць пра яе яшчэ рана. Але выратавальнікі запэўніваюць, што самы раз. Яны заклікаюць вяскоўцаў рамантаваць печкі і дымаходы. Рабілі гэта і падчас чарговага прафілактычнага рэйду, які быў праведзены ў аграгарадку Крывое Сяло Каўлякоўскага сельсавета сумесна са спецыялістамі аддзела нагляду і прафілактыкі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС.
“Мэта рэйду – прафілактыка і дапамога адначасова, – кажуць старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксей Лявонаў і інспектар Дзмітрый Гушчын. – Як правіла, падчас такіх мерапрыемстваў не толькі правяраем, але і тлумачым, чым небяспечная  печка з трэшчынамі ці трухлявая электраправодка. Аказваем і пасільную дапамогу: камусьці батарэйкі ў пажарным апавяшчальніку замяніць, праверыць апараты аховы электрасеткі, падказаць людзям, дзе можна набыць перадтопачны ліст і якіх ён павінен быць памераў”.
У час рэйду па Крывым Сяле заўваг ад пажарных інспектараў было дастаткова: прачысціць дымаходы, купіць апавяшчальнікі, замяніць старую электраправодку ці стары электралічыльнік, павесіць плафон на электралямпачку, не ўключаць халадзільнікі праз “трайнікі”. Некаторым гаспадарам было настойліва рэкамендавана перарабіць дымаходы: замест асбестацэментных, якія часта “рвуцца”, паставіць больш надзейныя, цагляныя. Як яркі доказ сваім словам намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Красоўскі (на здымку)  расказаў вяскоўцам пра сёлетні пажар у Жалудове, калі асбестацэментная труба не вытрымала перакалу і разарвалася. У выніку дом згарэў да фундамента. Добра, што гаспадароў не было дома.
У той дзень выратавальнікі абышлі 53 домаўладанні, праінструктавалі  85 чалавек.
Галоўны спецыяліст аддзела нагляду і прафілактыкі абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Фурса напрыканцы рэйду адзначыў, што падрыхтаванасць крывасельскіх гаспадароў да зімы жадае быць лепшай. Зараз лета, і людзі расслабіліся, не думаюць пра будучыя халады. Але з дзіравымі печкамі жарты дрэнныя – іх трэба тэрмінова рамантаваць. Гэта якраз той выпадак, калі наша бяспека – у нашых руках. У адпаведнасці з заканадаўствам адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах ускладзены на іх уласнікаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №63 ад 15.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *