Доска Почёта Шумилинского района: Алексей Тимофеев

Актуалии Общество Экономика

Газавік – прафесія творчая

Слесар аварыйна-аднаўленчых работ у галіне газазабеспячэння Шумілінскага раёна газазабеспячэння Аляксей Цімафееў сёлета прадстаўляе на раённай Дошцы гонару сваё прадпрыемства.

Калі прыходзіць прызнанне, гэта заўжды нечакана, заўжды здаецца, што можа не ты, ва ўсялякім разе не ты адзін, гэтага заслугоўваеш. Ты ж проста з дня ў дзень, са змены ў змену добрасумленна выконваеш свае працоўныя абавязкі. Што тут такога?.. Але ў жыцця свае рахункі, і яно скрупулёзна, як самы старанны бухгалтар, усё падлічвае і раздае кожнаму па заслугах. І калі партрэт рупліўца з’яўляецца на Дошцы гонару, гэта не толькі пра адданасць абранай справе і прафесіяналізм, але яшчэ і пра яго чалавечыя якасці, без якіх немагчыма заваяваць аўтарытэт і павагу.
Аляксея Цімафеева мы ведаем не толькі як газавіка, але і як выдатнага музыканта, спевака і гумарыста. І, робячы накіды да партрэта гэтага чалавека, нельга дазволіць сабе няпоўную палітру фарбаў.
У прафесіі Аляксей без малага ўжо 20 год і ўпэўнены ў тым, што некалі зрабіў правільны выбар. І чым бы ён ні захапляўся, асноўная яго работа – самая важная і заўжды на першым месцы. Проста так шчасліва супала, што менавіта ў гэтай галіне цэняць не толькі твае прафесійныя якасці, але яшчэ і таленты.
Ні для каго не сакрэт, што РУП “Віцебскаблгаз” падтрымлівае захапленні сваіх работнікаў, культывуе развіццё мастацкай самадзейнасці. Ладзяцца шматлікія канцэрты, конкурсы і фестывалі. Напрыклад, у конкурсе мастацкай самадзейнасці, які прайшоў сёлета, Аляксей Цімафееў разам з калегай Ірынай Салаўёвай заваявалі першае месца ў намінацыі “Аўтарская песня”. І менавіта іх песня пра газавікоў “Што месца лепш няма” адкрывала гала-канцэрт, які ладзіўся ў рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”.
У тым, што песня “строить и жить помогает”, няма абсалютна ніякіх сумненняў. І лепшае гэтаму пацверджанне – паспяховасць прадпрыемства, дзе людзі не толькі разам працуюць, але яшчэ і спяваюць. І калі некаму раптам можа падацца, што такі падыход можа паставіць пад сумненне кампетэнтнасць работнікаў, то, калі ласка, успомніце, ці, дакладней, уявіце сітуацыю, што вы падышлі да пліты, скажам, прыгатаваць вячэру, а газу няма. “Гэта была б сапраўдная надзвычайная сітуацыя,  – кажа Аляксей, – дапусціць якую мы не можам сабе дазволіць”. Дарэчы, менавіта Аляксей Цімафееў разам з брыгадай выязджае на аварыйныя выклікі. Вы адчулі пах газу дома ці ў пад’ездзе і адразу ж тэлефануеце па нумары 104. І нават калі вам толькі падалося, а на самой справе ўсё ў парадку, хлопцы абавязкова правядуць расследаванне і ўсё ж выявяць крыніцу паху, і нават вернуцца праз паўтары гадзіны, каб яшчэ раз пераканацца, што вам нічога не пагражае.
“Вядома, здараюцца і аварыі, – прызнаецца газавік, – але яны небяспечныя толькі ў тым выпадку, калі ты не ведаеш, што рабіць, і ідзеш супраць правіл. А калі дзейнічаць строга ў адпаведнасці з правіламі, дакладна і выверана, то аварыя абавязкова будзе лакалізавана і ліквідавана. Газавая служба павінна быць лепшай – такая задача стаіць перад намі”. І ўсе стараюцца. Раз у год работнікі праходзяць спецыяльнае тэсціраванне, што дазваляе падтрымліваць актуальнасць прафесійных ведаў і навыкаў.
Але, як ні круці, а ў Шуміліне Аляксея Цімафеева пазнаюць часцей як артыста, як любімага выканаўцу. Свае зоркі, яны ўсё ж бліжэй да нас, чым нейкія там заморскія, сваіх мы любім мацней. Таму і вітаецца з Аляксеем у Шуміліне кожны другі, бо адчувае ў ім сябра, блізкага чалавека. Выходзячы на сцэну з песняй, ты зможаш узаемадзейнічаць з  гледачамі, толькі адкрыўшы перад імі сваё сэрца. Ты альбо шчыры і сапраўдны, альбо лепш і не пачынаць. Ёсць адчуванне, што ўсё, што робіць Аляксей, ён робіць шчыра. Ён наогул пакідае адчуванне чалавека жыццярадаснага, чулага, спагадлівага, чалавека, які любіць жыццё і людзей. І гэта калі не ўспамінаць пра яго пачуццё гумару, якое ў звычайным жыцці праяўляецца не менш востра, чым на сцэне. Думаецца, што з ім лёгка і ўтульна блізкім, жонцы і двум сынам, сябрам і калегам.
А яшчэ вельмі радасна ад таго, што карэны шумілінскі хлопец сваім прыкладам даказвае, што цікава жыць, мець добрае месца працы, развівацца і рэалізоўвацца можна і ў такім невялікім гарадку, як наш. Трэба проста любіць тое, што ты робіш, быць адкрытым для новага, быць смелым у сваіх жаданнях.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2017 г.



1 комментарий по теме “Доска Почёта Шумилинского района: Алексей Тимофеев

  1. Добрый вечер Поздравляю Алексея очень за Него рада надеюсь что Он и дальше будет делать все что бы про Него писали такие же статьи и что бы еще показывали по телевидению и на просторах интернета.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *