Проводится работа с населением в Добейском сельсовете

Актуалии Общество Президент

“Усё жыццё працавала без усялякага фальшу”

Яны не прывыклі скардзіцца на жыццё. Яны добра памятаюць тыя часы, калі было па-сапраўднаму цяжка. І гэта самае жыццё навучыла, што чалавек, які сумленна рупіцца, не баіцца мазалёў, жыве па-людску, ніколі не прападзе. Гады забралі іх сілы, даўшы ўзамен жыццёвую мудрасць. І многім, маладзейшым і здаравейшым, не пашкодзіла б ад гэтай мудрасці падсілкавацца.
Людзі сталага веку, часта ўжо адзінокія, раскіданыя па вёсках і вёсачках нашага раёна. І іх абавязкова стараюцца наведаць падчас дзён работы з насельніцтвам. Так было і ў гэты раз, калі ў сераду, 6 верасня, група пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Новікавай распачала работу ў Дабейскім сельсавеце.
Вядома, што, шануючы ўзрост, разумеючы, што для сталага чалавека нават простыя штодзённыя справы могуць аказацца не пад сілу, Ірына Мікалаеўна найперш цікавілася, якая дапамога патрэбна. Дзіўна, але ўсе, быццам змовіўшыся, пераконвалі, што самі з усім спраўляюцца, што прыязджаюць дзеці і ўнукі, дапамагаюць сацыяльныя работнікі, ды і самі адзін аднаго не пакідаюць у бядзе.
Усмешкай і запрашэннем зайсці ў хату сустрэла гасцей старэйшына вёскі Ільінцы Вольга Дзмітрыеўна Ільінец. Яна, як сапраўдная гаспадыня ваколіцы, “адрапартавала” пра ціхае жыццё роднай вёсачкі. Да кабеты заходзяць у госці аднавяскоўцы, любяць з ёй пагутарыць. Ні пра каго жанчына не сказала дрэннага слова – усе добрыя. Яна смяялася і жартавала, дэманструючы кемлівасць, востры розум і дасціпнасць. Расказвала пра 85-гадовы юбілей, што справіла нядаўна, радавалася, што было шмат гасцей на чале са старшынёй сельсавета Аляксандрам Аляксеенкам.
Такі ж юбілей нядаўна справіла і Лукер’я Фірсаўна Сокалава з вёскі Мяхі. І нават слухаць не хацела Валянціну Яцко, намесніка дырэктара ААТ “Ляжні”, калі тая прапанавала ёй – маўляў, адзінокая, дапамагчы няма каму – скарыстацца паслугамі аддзялення кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. “Я ўсё жыццё працавала без усялякага фальшу, – кажа Лукер’я Фірсаўна і загінае пальцы, пералічваючы, дзе прыйшлося рупіцца за сваю працоўную біяграфію, – і цяпер спраўлюся, але дома свайго не пакіну”. Што застаецца – толькі пажадаць жанчыне моцнага здароўя, аптымізму і жыццёвай сілы ў яе яшчэ стае.
Многія сталыя людзі трымаюць гаспадарку, нават кароў, усе вядуць агарод, ні на хвіліну не засумняваўшыся ў тым, што ў вёсцы можна жыць па-іншаму. Яны ў курсе ўсіх спраў, пра ўсе навіны даведваюцца з раённай газеты, яны нават на работу аўталаўкі не скардзяцца, а наадварот удзячныя, што машыны даязджаюць да іх не заўжды па добрых дарогах. Сустрэчы з такімі людзьмі заўжды пакідаюць  прыемныя адчуванні на душы, нараджаюць жаданне быць лепшым, чым ты ёсць цяпер, больш добрым і спагадлівым.
Але, на жаль, не ўсе вяскоўцы спавядаюць такую класічную вясковую філасофію – ні для каго гэта не сакрэт, і ніхто не збіраецца сябе ў гэтым падманваць. Неяк неўпрыкмет вырасла пакаленне, якое сваімі паводзінамі, сваім жыццём “кампраметуе” вёску, робіць яе партрэт непрывабным, нават агідным. Пахілыя агароджы, нефарбаваныя фасады дамоў, шчарбатыя ганкі, няветлыя чорныя вокны. Ні пра агарод, ні тым больш пра кароўку пры такім раскладзе нават і гаворка не ідзе. Можна шукаць прычыны такой сітуацыі і абавязкова знайсці іх. Але кожны сам выбірае, як яму жыць, і ў гэтым сэнсе прадстаўнічую групу найперш цікавілі дзеткі, іх дабрабыт, іх бяспека, іх будучае. Таму сем’і, сітуацыю ў якіх звычайна называюць сацыяльна нестабільнай, наведалі ў першую чаргу.
Калі візіт у твой дом робіць такая прадстаўнічая група, у тым ліку людзі ў форме – начальнік РАУС Аляксандр Дзмітрэнка і начальнік РАНС Андрэй Сасновіч абавязковыя ўдзельнікі падворных абходаў – вядома, ёсць разлік на тое, што паўплываць на сітуацыю неяк удасца. З жанчынамі, якія рызыкуюць згубіць сваё галоўнае жаночае прызначэнне, заўжды пранікнёна гутарыць І. М. Новікава. Яна размаўляе з імі не толькі і не столькі як прадстаўнік улады, але і як жанчына – пра мацярынскія пачуцці, пра жаноцкасць і прывабнасць, пра тое, што згубіць сувязь з роднымі дзеткамі – самае страшнае, што можа здарыцца з жанчынай. У многіх на вачах блішчаць слёзы. Значыць, не ўсё страчана. Магчыма, менавіта гэта гутарка зменіць вектар ужо стаўшага прывычным жыцця, дасць зразумець, што можна па-іншаму, што на самой справе жыццё цікавае і разнастайнае, асабліва, калі ў цябе ёсць дзеці.
На некаторых паўплываць сапраўды ўдаецца. Калі сітуацыя ў той ці іншай  сям’і пад час мінулага візіту была далёкая ад стабільнай, то ў гэты раз тут можна было канстатаваць змены да лепшага. Бацькі наводзяць парадак, уладкоўваюць рабочыя месцы для дзяцей-школьнікаў, і наогул, сустракаюць гасцей цвярозымі і нават без прыкмет нядаўняй папойкі. Ужо – вынік. І самае галоўнае – што ім самім гэта падабаецца. Падабаецца чуць прыемныя словы і пажаданні,і кампліменты.
Калі падводзіць вынік першага дня работы з насельніцтвам, то можна канстатаваць, што скаргаў і зваротаў ад жыхароў вёсак Ляжні, Ільінцы, Забар’е, Беразніца, Мяхі і іншых не паступіла. Адзінае, на што звярнула ўвагу В. В. Яцко, на графік работы ФАПа ў Ляжнях. Людзі выкапалі бульбу, амаль усе абмалацілі свае ўчасткі зерневых, зараз – у грыбах.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №70 ад 08.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *