Работа с населением: Мишневичский сельсовет

Актуалии Общество Президент

На парадку дня – ацяпленне, асвятленне вуліц і гандлёвае абслугоўванне

10 кастрычніка на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета распачаліся дні работы з насельніцтвам. Дзейнасць у гэты дзень узначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, з якой працавалі прадстаўнікі розных службаў і ведамстваў, што маюць дачыненне да забеспячэння жыццядзейнасці вяскоўцаў.
Якія пытанні могуць хваляваць людзей на пачатку кастрычніка? Найперш, гэта ацяпленне. На той момант і ў жыллё, і ў аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння ўжо было дадзена цяпло. Вядома, што трэба прадаставіць работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі нейкі час для таго, каб “адшліфаваць” работу, але скаргаў на тое, што ў кватэрах ці ўстановах холадна, ад людзей не паступіла. І тут варта адзначыць, што жыхары савета праявілі актыўнасць, і, напрыклад, у актавай зале Мішневіцкага СК, дзе праходзіў сход грамадзян, не было свабодных месцаў. Прысутнічалі і кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства Міхаіл Цікавенка са сваімі работнікамі, і дырэктар школы Пётр Спірыдонаў, і прадстаўнікі мясцовых арганізацый, жыхары вёскі. Усёй вёскай на чале са старэйшынам Анатолем Бычковым сабраліся людзі на сход у Заобалі. У Жданоўцы гасцей сустракалі мясцовыя актывісткі, якія ведаюць усё пра жыццё роднай вёскі,  яе праблемы і клопаты.
У разрад актуальных выходзіць не толькі пытанне цэнтралізаванага ацяплення, але і нарыхтоўкі дроў для ацяплення прыватных домаўладанняў. І гэта якраз хвалявала многіх. Справа ў тым, што ў мясцовым лясніцтве ўзніклі праблемы з пастаўкай дроў. Заказваць дровы ў прыватніка ці ў райпаліўзбыце людзі не хочуць – кажуць, што дорага. Вяскоўцам паабяцалі, што праблема будзе вырашана з дапамогай Казьянскага лясніцтва літаральна на наступным тыдні.
Яшчэ адно “асенняе” пытанне – асвятленне вуліц. Ліхтары ў буйных населеных пунктах раёна загарэліся ўжо да 1-га кастрычніка. Цяпер ідзе падключэнне маленькіх вёсачак. І тут трэба разумець, што гэта даволі дарагое задавальненне. “Толькі адна лямпачка каштуе 15 рублёў, рэле – усе 150”,  – тлумачыла сітуацыю старшыня Мішневіцкага сельсавета Галіна Зязюлька. Таму яна настойліва прасіла, каб у вёсках, дзе самі грамадзяне кантралююць работу вулічнага асвятлення, праяўлялі ўважлівасць і не пакідалі ліхтары запаленымі на дзень.
Зараз у раёне ідзе рэарганізацыя райспажыўтаварыства шляхам далучэння да Бешанковіцкага райпо. Магазін у Мішневічах ужо перададзены новаму ўласніку, і гэты факт вяскоўцы адзначаюць як станоўчы – значна пашырыўся асартымент тавараў у краме. У невялікіх вёсачках чакалі прыезду аўталавак, укамплектаваных таварам Бешанковіцкага райпо, таксама са спадзяваннем на добры асартымент. Але ў цэлым, адзначала на сходах І. М. Новікава, гандлёвае абслугоўванне як сельсавета, так і раёна наогул, пакуль не задавальняе мясцовыя ўлады. Перагаворы з аблспажыўкааперацыяй працягваюцца.
У сваіх выступленнях Ірына Мікалаеўна расказвала пра сацыяльна-эканамічнае жыццё раёна, пра тое, з якімі вынікамі завяршаецца сельскагаспадарчы год, як выглядае раён у гэтым сэнсе на фоне вобласці і рэспублікі. Заўважыла, што КУСГП “Мішневічы” ў ліку яшчэ трох гаспадарак перавысіла ўдой на адну карову ў параўнанні з мінулым годам.
Калі гаворка ідзе пра невялікія маланаселеныя пункты, то паўстае пытанне бяспекі мясцовых жыхароў. Тычыцца гэта і пажарнай бяспекі (усе ж карыстаюцца печкамі), і крымінагеннай абстаноўкі. Тут слова бралі начальнік РАНС Андрэй Сасновіч і начальнік міліцыі Аляксандр Дмітрэнка. Улічваючы ўзрост вяскоўцаў, актуальнай была інфармацыя, пададзеная З. М. Вайцянковай, загадчыцай аддзялення ТЦСАН. Дарэчы, жыхары вёскі Жданоўка звярнуліся з просьбай, каб раз на месяц у Мішневіцкай амбулаторыі быў арганізаваны забор аналізаў.
У гэты дзень прадстаўнічыя групы, як і заўжды, наведалі сем’і, абстаноўка ў якіх з’яўляецца сацыяльна напружанай.
Работа з насельніцтвам на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета працягваецца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №80 ад 13.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *