Работа з насельніцтвам: Мішневіцкі сельсавет

Актуалии Общество Президент

Праблема з дрывамі ў лясным краі

Тое, што мерапрыемства пад назвай “Дзень работы з насельніцтвам” ахоплівае некалькі тыдняў, стала звычайным. Сапраўды, уціснуць у адзін дзень цэлы комплекс мерапрыемстваў, якія праходзяць ва ўсіх населеных пунктах сельсавета, складана. Так, на мінулым тыдні прайшлі сходы і сустрэчы ў вёсках, былі наведаны асобныя катэгорыі грамадзян па месцы пражывання. 17 кастрычніка асабістыя прыёмы грамадзян правялі старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў – у Мішневічах і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Вараб’ёва – у Сураўнях. У гэты ж дзень адбыліся аб’езд вытворчых і сацыяльных аб’ектаў і падвядзенне вынікаў Дня работы з насельніцтвам.
Пачаўся аб’езд, у якім удзельнічалі члены райвыканкама, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі раённых службаў,  на мехдвары КУСГП “Мішневічы”. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што ў гаспадарцы шмат зроблена па навядзенні парадку на вытворчых аб’ектах, гэтая работа праводзіцца і зараз (можна было ўбачыць, як вядуцца работы каля воданапорнай вежы і водазабора). Ірына Мікалаеўна адзначыла, што наводзіць парадак навучыліся, цяпер кіраўніцтву і работнікам сельгаспрадпрыемства трэба навучыцца падтрымліваць такі парадак пастаянна. Дарэчы, гэта і добры спосаб заняць ў зімовы час механізатараў, якія могуць будаваць прафілакторыі для цялят, займацца рамонтамі і выконваць іншыя работы.
На ферме Заўсыска ўдзельнікі аб’езду пазнаёміліся з падрыхтоўкай да пастаноўкі жывёлы на стойлавае ўтрыманне: усе памяшканні пабеленыя, пафарбаванае і падрамантаванае абсталяванне, у тэнтавым арачніку, дзе будуць утрымлівацца цёлкі, нават салома ўжо разаслана. Як патлумачыў кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Цікавенка, да прыёмкі жывёлы гатовы ўсе фермы, за выключэннем фермы Мішневічы, дзе трэба аператыўна завяршыць падрыхтоўчыя работы.
У Мішневіцкім лясніцтве ляснічы Андрэй Іваноў пазнаёміў прысутных з асноўнымі вытворчымі паказчыкамі падраздзялення. Але адказаць на вельмі актуальнае пытанне пра забеспячэнне насельніцтва дрывамі, якое паставілі жыхары сельсавета падчас сустрэч з кіраўніцтвам раёна, слушнага адказу даць не змог. У лясніцтве няма трактара, таму тут прапаноўваюць вяскоўцам саманарыхтоўку ці самавываз дроў. Але ж вяскоўцам, якія жывуць сярод лесу, гэтая праблема здаецца незразумелай, а заказваць дровы з Шуміліна надта дорага з-за высокіх транспартных выдаткаў. Для вырашэння гэтага пытання лясгасу былі ўстаноўлены сціслыя тэрміны.
На пажарным аварыйна-выратавальным пасту намеснік начальніка РАНС Іван Маскалькоў пазнаёміў удзельнікаў аб’езду з новай тэхнікай.
У новым фармаце – комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа – працуе з 1 верасня Мішневіцкая школа. Дырэктар школы Пётр Спірыдонаў расказаў, што для маленькіх выхаванцаў тут выдзелілі цэлае крыло, у якім абсталяваны цёплыя, утульныя спальні, гульнявыя пакоі, клас для першакласнікаў. Наогул, установа адукацыі з’яўляецца лідарам раённага рэйтынгу сярод школ. Установа ўражвае парадкам на тэрыторыі і ўнутры, простыя дэкаратыўныя элементы робяць інтэр’еры арыгінальнымі і прыгожымі, а шторы на вокны былі пашыты вучнямі ў рамках праграмы другаснай занятасці. Школа актыўна развівае сад і агарод, прадукцыя з якіх ідзе на харчаванне вучняў, а таксама на рэалізацыю і папаўненне пазабюджэтнага рахунку.
У працэсе рэарганізацыі знаходзіцца ў раёне сістэма кааператыўнага гандлю, таму было цікава пазнаёміцца з крамай райспажыўтаварыства, якая перайшла ў Бешанковіцкае райпо. І трэба адзначыць, ва ўсіх склаліся прыемныя ўражанні ад прадстаўленага ў краме асартыменту.
Падвядзенне вынікаў прайшло ў Мішневіцкім клубе. Старшыня Мішневіцкага сельскага Савета дэпутатаў Галіна Зязюлька расказала пра сельсавет, пра асноўныя пытанні, якія хвалююць жыхароў. Усе пытанні пастаўлены на кантроль, даведзены да адпаведных службаў і арганізацый, большасць будзе выканана да канца кастрычніка. З ліку актуальных трэба назваць работу аўтамагазіна, хвалююць вяскоўцаў вываз смецця, вулічнае асвятленне, заросшыя абочыны дарог. Знялося пытанне пра працэдуру ўзяцця крыві на аналіз у мясцовай амбулаторыі. Як высветлілася, здаць кроў можна на месцы і зараз, яна аператыўна будзе адпраўлена ў ЦРБ. Старшыні іншых сельсаветаў прадставілі інфармацыю пра пытанні, якія засталіся на кантролі з папярэдніх дзён работы з насельніцтвам.
Учора, 19 кастрычніка, на тэрыторыі сельсавета прайшлі дзень прафілактыкі і пасяджэнне савета грамадскага пункта правапарадку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №82 ад 20.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *