В Шумилино выбрали самых финансово грамотных школьников

Образование Экономика

Аблігацыя, інфляцыя, эмісія.
Яны ведаюць, што гэта такое

У мінулую пятніцу на базе Шумілінскай СШ №2 прайшоў раённы тур рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці, ініцыяваў якую чацвёрты год запар Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Рэалізатарамі мерапрыемства ў нашым раёне выступілі Беларусбанк і аддзел адукацыі.
22 вучні 10-11 класаў з васьмі сярэдніх школ раёна прынялі ўдзел у алімпіядзе. Адкрыла мерапрыемства галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксана Талстая, якая абазначыла мэты і задачы алімпіяды. Дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №225 Беларусбанка Вольга Масько дадала, што сучаснае грамадства мае вельмі вялікую патрэбу ў фінансава граматнай і адукаванай моладзі. Гэта дабрабыт і паспяховасць і самога чалавека, і краіны ў цэлым. Былі агучаны аргкамітэт і склад журы. Адна акадэмічная гадзіна адводзілася непасрэдна на рашэнне алімпіядных задач-тэстаў (30 пытанняў-тэстаў плюс адно творчае заданне).
Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў адбылося ў актавай зале. Дырэктар ЦБП №225 Беларусбанка Вольга Масько адзначыла добрую падрыхтоўку вучняў, падзякавала ўсім за актыўны ўдзел у алімпіядзе і ўручыла прызы і граматы. Так, трэцяе месца журы прысудзіла Яравой Анастасіі, вучаніцы 11 “Б” класа Шумілінскай СШ №1 (66 балаў), другое – Гарохавай Кацярыне, вучаніцы 11 класа раённай гімназіі (67 балаў).
А вось самы лепшы вынік прадэманстраваў на алімпіядзе па фінансавай граматнасці Дарожкін Мікіта, вучань 10 класа Шумілінскай СШ №1 (настаўнік С. Я. Сахончык). Мікіта набраў 72 балы са 100 магчымых.
Сёлета па выніках раённага этапа алімпіяды ўсе трое пераможцаў прымуць удзел у абласным этапе, які пройдзе ў лістападзе ў Віцебску. Пажадаем перамог нашым будучым фінансістам!
Алена КАРПУШЭНКА.

На здымку злева-направа: Аксана Талстая, Кацярына Гарохава,
Мікіта Дарожкін, Анастасія Яравая і Вольга Масько.

Надрукавана ў №83 ад 24.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *