Шумилинских спортсменов поблагодарили за развитие вавинам вьет во дао в регионе

Новости Спорт, туризм

30 год вавінам в’ет во дао ў Беларусі

30 год – гэта не проста юбілей, гэта знамянальная падзея ў жыцці кожнага. Да свайго 30-годдзя вавінам в’ет во дао ў Беларусі, нягледзячы на свой не алімпійскі від спорту,  падышоў з вялікай колькасцю прыхільнікаў і  спартсменаў, гучна заявіў пра сябе на міжнароднай арэне.
Вавінам в’ет во дао –  в’етнамскае баявое мастацтва, створанае майстрам Нгуен Локам у 1938 го-дзе. Школа спалучае розныя тэхнікі: удары нагамі і рукамі, тэхніку барацьбы, работу са зброяй, самаабарону, дыхальныя практыкаванні. Візітнай карткай вавінам в’ет во дао з’яўляюцца так званыя  нажніцы (дон цян): скачкі дзвюма нагамі з захопам ног, корпуса, шыі.
Першае знаёмства беларусаў з гэтым відам спорту адбылося ў 1987 годзе, дзякуючы дзейнасці прэзідэнта польскай федэрацыі  Рышарда Юзвяка  і майстра Рышарда Гібчынскага. Менавіта яны арганізавалі і правялі першыя майстар-класы па вавінам в’ет во дао ў нашай краіне
Наш раён пазнаёміўся з вавінам в’ет во дао ў 2012 годзе, калі наша зямлячка Святлана Бараноўская на чэмпіянаце Еўропы, што праходзіў у Італіі, стала сярэбраным прызёрам. А праз два гады ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі пачало працаваць аб’яднанне па інтарэсах “Асновы ўсходніх  адзінаборстваў: вавінам в’ет во дао”.  Юныя шумілінскія  спартсмены неаднаразова выйгравалі рэспубліканскія і абласныя першынства, Вольга Кляшчонак стала чэмпіёнкай Еўропы сярод падлеткаў. За тры гады работы ў Шуміліне трэнер майстар спорту Святлана Бараноўская падрыхтавала аднаго кандыдата ў майстры спорту, адзін спартсмен выканаў 1-ы дарослы разрад, сямёра – 2-гі дарослы, яшчэ сямёра – 1-ы юнацкі. Сёлета нашы землякі заявілі пра сябе і на юніёрскіх стартах: на адкрытым кубку Мінска Максім Васільеў заняў першае месца, а Аляксей Фурманаў – другое.
Бліжэйшыя планы вельмі насычаныя. У 2018 годзе Святлана Бараноўская паспрабуе здабыць сваё другое “золата” на чэмпіянаце Еўропы, які пройдзе ў Італіі. А ў 2019 годзе ў Беларусі пройдзе чэмпіянат Еўропы сярод падлеткаў і юніёраў, на якім, можна быць упэўненымі, стануць чэмпіёнамі і шумілінскія спартсмены.
Асноўныя мерапрыемствы, прысвечаныя 30-годдзю вавінам в’ет во дао ў Беларусі, прайшлі ў канцы мінулага тыдня ў Віцебску. На юбілей прыехалі першы віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі Жорж Мяшан (Францыя) і намеснік генеральнага сакратара Сусветнай федэрацыі вавінам в’ет во дао Тхань Ня Берыер (Вялікабрытанія), яна ж  генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі. Падчас святочных мерапрыемстваў прайшлі майстар-класы і семінары, якія правялі прадстаўнікі розных школ усходніх адзі-наборстваў Беларусі і Расіі.
Заключным этапам святкавання стаў вялікі гала-канцэрт. Тхань Ня Берыер і Жорж Мяшан адзначылі, што беларусы занялі годнае месца ў вялікай сям’і в’етнамскіх адзінаборстваў, словы падзякі былі адрасаваны старшыні Беларускай федэрацыі вавінам в’ет во дао Сяргею Шарэндзе і ўсім прыхільнікам гэтага віду спорту.  На мерапрыемстве адбылася цырымонія ўзнагароджання. Сярод ўзнагароджаных – Святлана Бараноўская і ўстанова адукацыі “Шумілінскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”. Шумілінцы атрымалі ўдзячнасці ад Беларускай федэрацыі вавінам в’ет во дао за развіццё гэтага віду спорту.
Завяршыўся гала-канцэрт флэшмобам, падчас якога быў устаноўлены рэкорд Беларусі па масавым выкананні практыкаванняў вавінам в’ет во дао: адначасова сто спартсменаў (сярод якіх былі і шумілінскія)  выконвалі тэхнічныя практыкаванні.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №83 ад 24.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *