Эканоміка, спорт і правапарадак – тры пытанні разгледжаны на пасяджэнні Шумілінскага райвыканкама

Актуалии Президент

Эканоміка, спорт і правапарадак – тры пытанні разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксандра Снарава ў панядзелак 23 кастрычніка, былі абмеркаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў бягучага года, стан фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы і прафілактычная работа па папярэджанні рэцыдыўнай і іншай злачыннасці.
Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Вараб’ёва, якая выступала па першым пытанні парадку дня, адзначыла, што за студзень-жнівень 2017 года арганізацыямі раёна з 13 паказчыкаў, устаноўленых Віцебскім аблвыканкамам, выкананы 4: індэкс прамысловай вытворчасці склаў 112,3% (заданне 109%), адсутнічае знешняя пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць, паказчык па энергазберажэнні склаў –30,2% (заданне –7,1%), створана 5 новых арганізацый (заданне 5). Таксама выкананы ключавыя паказчыкі па выніках 9 месяцаў па працаўладкаванні грамадзян на новаствораныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў – 45 чалавек (заданне  45) і экспарт тавараў склаў 108,7% (заданне 103,5%).
Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах склала 133,1%, у тым ліку Обальскі керамічны завод забяспечыў рост вытворчасці на 95,1%, УП ЖКГ – на 3,2%.
Не выконваецца паказчык вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі – 92,7% (заданне 110%). На 1 кастрычніка сабрана 20,12 тыс. тон збожжавых пры сярэдняй ураджайнасці па раёне 21,7 ц/га, што вышэй за паказчык мінулага года.
Нестабільнай застаецца сітуацыя ў будаўнічай галіне з-за скарачэння фінансавання жыллёвага будаўніцтва. За 9 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 8 жылых дамоў агульнай плошчай 1075 кв. м. (гадавое заданне 1700).
Таццяна Вараб’ёва прааналізавала асноўныя паказчыкі па гандлі, рынку працы, экспарце тавараў, фінансавыя, інвестыцыйныя і іншыя паказчыкі арганізацый раёна і адзначыла, што прынятых кіраўнікамі мер недастаткова для выканання заданняў, устаноўленых на 2017 год.
Былі заслуханы справаздачы кіраўнікоў прамысловых і некаторых сельскагаспадарчых арганізацый раёна. З улікам выказаных у ходзе абмеркавання прапаноў і заўваг па гэтым пытанні было прынята рашэнне, накіраванае на выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.
Па другім пытанні выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова. Для фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне маецца дастатковая спартыўная база – 77 аб’ектаў спартыўнага прызначэння, плануецца далейшае развіццё фізкультурнай базы. За 9 месяцаў 2017 года праведзена 69 спартыўных мерапрыемстваў, 4 турысцкія.
Цэнтральным аб’ектам спартыўна-масавай работы з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчы цэнтр у Шуміліне, у якім арганізавана фізкультурна-аздараўленчая работа па шырокім спектры паслуг. Вядзецца работа па загрузцы спартыўных залаў. Адрамантавана зала ДЮСШ, СШ №1, завяршаюцца рамонтныя работы ў спартзале ФАЦ. Праведзена значная работа па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый спартыўных аб’ектаў і каля іх (стадыён, ДЮСШ, ФАЦ).
Высокую ацэнку атрымала Шумілінская ДЮСШ, якая пачала работу ў новым навучальным годзе ў статусе школы алімпійскага рэзерву. Актыўна вядзецца спартыўная работа ва ўстановах адукацыі раёна, раённым цэнтры дзяцей і моладзі.
Дакладчык адзначыла недастатковую работу па развіцці турыстычных паслуг: трэба развіваць аграэкасядзібы, паляўнічы і іншыя віды турызму, шырэй інфармаваць насельніцтва аб патэнцыяле для турызму ў нашым раёне.
Аб рабоце, якая праводзіцца па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, супрацьдзеянні абароту наркотыкаў, гандлю людзьмі і карупцыйных з’явах, расказаў намеснік начальніка РАУС Ігар Шаціла. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што за справаздачны перыяд у раёне знізілася агульная злачыннасць –  зарэгістравана 135 злачынстваў (у 2016 г. – 155), але павялічылася рэцыдыўная – 50 злачынстваў (было 44). У мэтах прафілактыкі супрацоўнікі РАУС праводзяць як агульныя, так і індывідуальныя мерапрыемствы. Асаблівы кантроль вядзецца за асобамі, асуджанымі да абмежавання волі, да пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду і за асобамі, якім устаноўлены прэвентыўны нагляд.
За сістэматычнае парушэнне грамадскага парадку ў адносінах да асоб, якія маюць судзімасць, устаноўлена 9 прэвентыўных наглядаў, узбуджана 6 крымінальных спраў, складзена 20 адміністрацыйных пратаколаў. Прымаліся меры па працаўладкаванні асоб, якія вызваліліся з месцаў зняволення.
За бягучы год зарэгістраваны два злачынства, звязаныя з абаротам наркотыкаў, і тры – з гандлем людзьмі. У рамках аперацыі “Мак” выяўлены 23 адміністрацыйныя правапарушэнні, канфіскавана 97 кг макавай саломкі і 5 кг каноплі. Таксама сёлета зарэгістравана адно карупцыйнае злачынства.
У прынятым рашэнні прадугледжаны меры па ўзмацненні работы РАУС, іншых суб’ектаў прафілактыкі па вызначаных накірунках, а таксама меры па стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі ў раёне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №84 ад 27.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *