На комиссии по делам несовершеннолетних пытались вразумить разгульных мамочек и обсуждали игру в снежки

Общество Президент Семья

Як ім давесці, што ў свеце ўсё ўраўнаважана?

Хацелася б, каб падчас навагодніх святаў у кожным доме было ўтульна і радасна. Але камісія па справах непаўналетніх райвыканкама небеспадстаўна апасаецца ўсялякіх святкаванняў, бо, як правіла, у такія дні вастрыня ненадзейнасці праблемных сямей узрастае ў разы. Таму пільнасці губляць нельга.
Гэта думка гучала на апошнім у снежні пасяджэнні камісіі, якое вяла старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.

Камісія абмяркоўвала эфектыўнасць работы па папярэджанні правапарушэнняў сярод непаўналетніх, вяла “выратавальныя” гутаркі з бацькамі і падлеткамі.
Адных запрасілі на камісію за тое, што ў доме не адрамантавана печка і не створаны ўмовы для бяспечнага жыцця дзяцей. І гэтага запрашэння аказалася дастаткова, каб печку ўсё ж падрамантавалі.
Сум і горыч выклікалі дзве маладыя жанчыны, якія, нягледзячы на статус маці, не гатовы выконваць гэтую ролю. Адна п’е, муж кінуў, цяпер і дачку забраў. Што ў яе наперадзе – здагадацца няцяжка, калі толькі ў яе свядомасці не здарыцца які пераварот. Другая, 22-гадовая, мае ўжо траіх дзяцей, але гадаваць іх не рвецца, у дзіцячы сад не водзіць. А навошта, ёсць жа побач бабуля і прабабуля, гатовыя падставіць рукі. Нават калі ў самага маленькага месячнага дзіцяці ўзнялася тэмпература да 40 градусаў, у бальніцу з малым паехала не мама, а бабуля.
Якія словы павінна знайсці камісія і ўсё грамадства для такіх “мамачак”? Як ім давесці, што ў свеце ўсё ўраўнаважана і сённяшняя гульба абавязкова прывядзе заўтра да болю і слёз?
Хацелася б некалькі слоў сказаць і пра адзін дзіцячы інцыдэнт, які выйшаў ажно на раённы ўзровень і разглядаўся камісіяй.
Пасля ўрокаў некалькі школьнікаў Обальскай СШ гулялі на двары (чамусьці з імі не было выхавальніка групы прадоўжанага дня), потым у аднаго кінулі сняжок, другога піхнулі, трэцяга акунулі ў снег… А потым маці аднаго з іх напісала заяву міліцыю.
Каму ў дзяцінстве не пападала сняжком, каму не даводзілася паплакаць, але ўсё гэта неяк само сабой рэгулявалася. Тут чамусьці не адрэгулявалася. Ні на ўзроўні школы, ні на ўзроўні ўчастковага, які завёў адміністрацыйную справу. Тым не менш камісія не ўбачыла ў звычайнай хлапечай  задзірыстасці наўмыснага правапарушэння і пастанавіла спыніць адміністрацыйную справу.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №1 ад 04.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *