5 агроусадеб в Шумилинском районе пользуются спросом

Новости Общество

Самы лепшы адпачынак – на прыродзе

Антаніна Шэдзько абмяркоўвае свае планы з Дзмітрыем Дубоўскім.

У нашым раёне налічваецца пяць аграэкасядзіб, якія карыстаюцца попытам. Гэтаму спрыяюць маляўнічыя краявіды, некранутая прырода, добрая экалогія і гасціннасць гаспадароў. Многія гараджане прыязджаюць сюды не толькі на выхадныя, але і на тыдзень-два, бо ўпэўнены: самы лепшы адпачынак – на прыродзе.

На мінулым тыдні раённая камісія, якую ўзначальвалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і галоўны спецыяліст райвыканкама Дзмітрый Дубоўскі, пабывалі на трох аграэкасядзібах, каб праверыць іх гатоўнасць да летняга сезона.

Утульнасцю і дагледжанасцю сустрэў камісію «Ерашоўскі хутарок». Двухпавярховы жылы дом, лазня, альтанка, калодзеж, зробленыя ў адным стылі і пафарбаваныя ў адзін колер, выглядалі як адзін суцэльны комплекс.

Аграэкасядзіба знаходзіцца на беразе Заходняй Дзвіны, што прыцягвае да сябе турыстаў. Гаспадыня Антаніна Шэдзько расказала, што наведвальнікі тут у асноўным бываюць у летні перыяд. На чэрвень ужо ёсць заказы, прыязджаюць у асноўным мінчане. Хто на выхадныя, а хто і на тыдзень з сям’ёй ці сябрамі. Многія гараджане прыязджаюць паўторна. Антаніна Шэдзько падзялілася, што яны мяркуюць зрабіць банкетную залу – тады будзе магчымасць адзначаць на беразе Дзвіны розныя ўрачыстасці.
Не першы год працуе ў Лескавічах «Чараўніцкае возера». Сюды зручна дабірацца з райцэнтра, таму наведвальнікаў тут багата круглы год. Гасцям падабаецца грыль-домік, дзе можна бавіць час летнімі вечарамі. З новых відаў паслуг – фітабочка, у якой можна і лячыцца, і атрымліваць асалоду адначасова. Эфірнае масла, выцяжкі з натуральных траў прапаноўвае дачка гаспадара сядзібы Надзея Хахлова, а турысты са стажам прывозяць з сабой свае любімыя сушаныя травы. За жылым домам будуецца новая лазня, дзе прадугледжана і сауна.
Аграэкасядзіба ў Лоўжы пад назвай «Долгае» (так называецца мясцовае возера) зарэгістравана зусім нядаўна. Гаспадар Уладзімір Міхалёў раней трымаў базу адпачынку ў Цвярской вобласці: там аказваў не толькі звычайныя паслугі па адпачынку, але і прапаноўваў натуральныя экалагічна чыстыя прадукты. Трымаў агарод, а таксама дамашнюю жывёлу. Такі вопыт прывёз і на Шуміліншчыну. За месяц навёў парадак у купленым доме, развёў качак, курэй, парасят, у перспектыве – набыць карову. Так што турыстам гаспадар прапануе не толькі адпачыць, але і папрацаваць, акунуўшыся ў сялянскі побыт. У планах Уладзіміра Міхалёва – зрабіць яшчэ адзін гасцявы домік.
З ненаведаных аграсядзіб – «Міжазер’е» ў Гародна (там гаспадары бываюць толькі ў выхадныя) і сяліба ў Шашах, дзе аказваюцца паслугі лазні.
Падрабязную інфармацыю пра турыстычныя паслугі на Шуміліншчыне можна атрымаць на сайтах райвыканкама і Фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.
Па выніках аб’езду аграсядзіб складзены пратакол даручэнняў, выкананне якога будзе трымацца на кантролі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №41 ад 01.06.2021 г.

Дзень адпачынку на аграэкасядзібах на аднаго чалавека каштуе 20-25 рублёў.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *