Куда обратиться если вам нужны дрова

Актуалии Общество Экономика

З плеч ды ў печ
Зіма ёсць зіма. І ў нашых умовах без дроў – ніяк. А што на сённяшні дзень з дрывамі, ці можна іх набыць, ці хапае іх у арганізацыях і прадпрыемствах і якія? Пра гэта расказваюць кіраўнікі арганізацый,
Уладзімір Мікалаевіч Кійко, дырэктар Шумілінскага філіяла “Віцебскаблпаліва”:
— Наша арганізацыя працуе пераважна з насельніцтвам. Дровы ёсць і будуць. Сёння запісваем чаргу на красавік. За месяц філіял абслугоў-вае каля пяцідзесяці чалавек. Прадпрыемствы і арганізацыі раёна дровы ў нас не набываюць, хіба што ў экстраных выпадках. Хаця ў другіх раёнах, напрыклад, у Гарадоцкім,  філіял “Віцебскаблпаліва” забяспечвае дрывамі арганізацыі і прадпрыемствы. Што тычыцца торфабрыкету, то яго ў нас купляюць як насельніцтва, так і арганізацыі. Праблем з гэтым не ўзнікае.
Пётр Уладзіміравіч Спірыдонаў, начальнік раённага аддзела адукацыі:
— Сітуацыя з дрывамі напружаная. Шэраг устаноў (Навікоўская, Башнёўская, Ляжнёўская школы, Мікалаёўскі дзіцячы сад) ацяпляем, як кажуць, з калёс: прывезлі дровы – і ў печку. Купляем дровы ў лясгасе. Чаму не набываем у “Віцебскаблпаліве”? Дорага. З прыватнымі фірмамі не працуем, бо тыя патрабуюць за дровы папярэднюю аплату.
Лясгас выдзяляе нам дзялянкі, з якіх нам трэба самім вывозіць дровы. Сваімі трыма трактарамі, што ёсць у аддзеле адукацыі, мы не ў стане вывезці (на сезон нам патрэбна каля 3500 м3 дроў). Вось і прыходзіцца заключаць дагаворы на вывазку дроў з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, арганізацыямі. Так, нядаўна, заключылі такі дагавор з льнозаводам. Сітуацыя вырашылася б, калі б транспарціроўкай дроў займаўся лясгас.
Канстанцін Фёдаравіч Баканаў, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы:
— Наша сітуацыя вельмі нагадвае становішча ў аддзеле адукацыі. Некаторыя свае ўстановы ацяпляем таксама з калёс. Як кажуць: “З плеч ды ў печ”. Такая напружаная сітуацыя з дрывамі ў нас узнікла ўпершыню. На пастаўку дроў быў заключаны дагавор з “Флора-дрэў”, але арганізацыя не выконвае ўзятыя абавязацельствы, не возіць дровы. Вось і прыходзіцца тэрмінова шукаць транспарт. Зразумела, усё было б прасцей, калі б лясгас не толькі прадаваў дровы на дзялянках, але і займаўся іх транспарціроўкай.
Яўген Уладзіміравіч Філіпаў, галоўны ляснічы “Шумілінскага лясгасу”:
— У першую чаргу хочацца адзначыць, што адна з галоўных задач лясгасу – вытворчасць дзелавой драўніны. Дровы ёсць у дастатковай колькасці. Мы завозім іх “Віцебскаблпаліву” і камунгасу. Для іншых арганізацый мы дровы не возім. Не хапае тэхнікі, яна і так працуе ў тры змены.
Алег Віктаравіч Судзько, дырэктар “Флора-дрэў”:
— Адпускаем дровы як насельніцтву, так і арганізацыям. За месяц дзесьці пад пяцьдзесят чалавек абслугоўваем. З мінулагоднімі заяўкамі поўнасцю справіліся, праўда, зараз заказы не прымаем. Бо ў нас няма дзялянкі. Супрацоўнічаем і з прадпрыемствамі. У мінулым годзе тысячу кубаметраў завезлі райспажыўтаварыству. Працуем з “Беларусбанкам”, раённым ад-дзелам па надзвычайных сітуацыях і іншымі. А што атрымалася з ЦРБ? Заключылі дагавор на 368 кубаметраў, прывезлі 185. Але нам не заплацілі, апошні плацёж быў у кастрычніку. Наша прадпрыемства бярэ крэдыты, каб набыць дзялянку, і, зразумела, хочацца атрымліваць грошы за свой тавар. Як паказвае практыка, з арганізацыямі і прадпрыемствамі пераважна трэба працаваць па папярэдняй аплаце.
Інтэрв’ю правёў
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №10 ад 8.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *