Амікрон атакуе. Шумілінскія медыкі трымаюць удар

Главное Новости Общество

Амікрон атакуе. Медыкі трымаюць удар

Шуміліна накрыла пятая хваля каранавірусу. Раённыя медыкі адзначаюць значны рост захворваемасці і прымаюць дзейсныя меры, каб дастойна прыняць удар.

Кантактныя брыгады па Шуміліне гатовы на выезд: медсёстры Кацярына Іванова і Анастасія Гаева, урачы Святлана Леснічэнка, Анастасія Петухова і Кацярына Бажанкова, медсястра Ірына Карацеева.

«Пяты сезон пандэміі асаблівы, – зазначае галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч. – Амікрон хоць і высокакантагіёзны (заразны) штам, але, на шчасце, захворванне працякае ў больш лёгкай форме. Значна менш пацыентаў з пнеўманіямі. Сёння назіраецца вялікая нагрузка на амбулаторным узроўні. У гэтай сувязі і было прынята рашэнне прадоўжыць рэжым работы паліклінікі, наладзіць прыём пацыентаў і работу выязных кантактных брыгад у выхадныя. За два выхадныя дні на прыеме пабывалі 83 чалавекі, з іх 28 дзяцей, да 23 хворых кантактныя брыгады выязджалі на дом па выкліку. Медыкі перайшлі на спецыяльную схему работы».

Работнікі кол-цэнтра медсёстры Алена Цянько і Святлана Шабан.

«Кол-цэнтр слухае вас…»
З улікам асаблівасцей хвалі каранавірусу арганізавана работа кол-цэнтра, дзе ў будні з 8.00 да 20.00, у выхадныя з 8.00 да 15.00 працуюць чатыры спецыялісты-медыкі. Менавіта яны займаюцца маршрутызацыяй пацыентаў, прыёмам выклікаў, тлумачэннем людзям, што рабіць, куды звяртацца, каму заставацца дома і чакаць урача. Работнікі кол-цэнтра ажыццяўляюць і штодзённы абзвон пацыентаў з мэтай кантролю іх стану. Пры пэўнай сімптаматыцы яны аператыўна накіроўваюць па пэўным адрасе выязную брыгаду.

Інфекцыяністы вядуць прыём
Арганізавана работа інфекцыйнага кабінета – з 8 раніцы да 8 вечара. Раніцай, пры масавых зваротах пацыентаў, прыём адначасова вядуць два ўрачы. Уваход да інфекцыяністаў прадугледжаны асобны, там, дзе раней месцілася «хуткая дапамога».

Дзіцячая хваля
Яшчэ адна асаблівасць пандэміі – «амаладжэнне» каранавірусу. Калі ў першыя хвалі хварэлі людзі сталага ўзросту, то зараз – моладзь і дзеці, зазначае Святлана Лінкевіч. У сувязі з гэтым дзіцячая кансультацыя пераўтворана ў так званую інфекцыйную чырвоную зону. Прыём «чыстых» дзетак і прышчэпкі вынесены ў асобны кабінет на першым паверсе паліклінікі.

Уваходны кантроль
Для таго, каб папярэдзіць заход пацыентаў з прыкметамі інфекцыйных захворванняў у паліклініку, на цэнтральным уваходзе працуе кантрольная брыгада. Медработнікі не толькі мераць тэмпературу, але і збіраюць кароткі анамнез пра наяўнасць у пацыента прыкмет і сімптомаў інфекцыйных захворванняў. Робіцца гэта для таго, каб своечасова накіраваць чалавека да спецыяліста. Тут жа, на ўваходзе, работнікі выдаюць рэцэпты, выпіскі з медыцынскіх картак, даведкі пра стан здароўя, лісткі непрацаздольнасці.

Кантактная брыгада, на выезд
Непасрэдна назіраннем за пацыентамі, маніторынгам іх стану займаюцца выязныя кантактныя брыгады. Зараз па раёне функцыянуюць сем такіх брыгад, з іх 3 – па Шуміліне, астатнія – на кожнай урачэбнай амбулаторыі. Пацыенты аглядаюцца на даму, у залежнасці ад ступені цяжкасці цячэння захворвання вызначаны парадак і кратнасць іх агляду, парадак абследавання з заборам крыві, мазкоў і г. д. У кожнай брыгадзе працуюць урач і медсястра.

Асноўныя сімптомы амікрона:
галаўны боль, боль у горле, сухі кашаль, ліхаманка, слабасць, стамляльнасць.

Работа паліклінікі
ў выхадныя дні – з 8.00 да 15.00.

Кантактныя групы – з 9.00 да 15.00.

Кол-цэнтр – з 8.00 да 15.00
+37533 6569370, +37533 6568670, 54109, 53859.

Святлана ЛІНКЕВІЧ:

«Вельмі хочацца папрасіць людзей працягваць выконваць меры санэпідрэжыму: насіць маскі ў грамадскіх месцах, вытрымліваць сацыяльнае дыстанцыраванне і гігіену рук. Разам з тым вялікую ролю адыгрывае спецыфічная прафілактыка – вакцынацыя. Таму людзі, якія перахварэлі альбо яшчэ пакуль не ўсвядомілі, павінны прыйсці і прышчапіцца ад каранавірусу. Асабліва хочацца звярнуцца да тых, хто прайшоў першую вакцынацыю, але не прыйшлі на другую – не завяршылі поўны курс, а значыць, засталіся неабароненымі ў поўнай меры. Запрашаем і на рэвакцынацыю.
Хачу звярнуцца і да бацькоў: дзеці ва ўзросце ад 12 год таксама падлягаюць вакцынацыі. На сённяшні дзень у раёне вакцыніравана 60 дзяцей, поўны курс прайшоў адзін чалавек. Ускладненняў у дзяцей не назіралася, а вось колькасць хворых дзетак даволі вялікая.
Толькі разам мы зможам супрацьстаяць пандэміі без цяжкіх наступстваў, без страт».
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №11 ад 11.02.2022 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *