Ветеранов Обольщины поздравил районный совет ветеранов вместе с автоклубом

Общество

”Самае галоўнае для жыцця на зямлі – гэта мір”
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта свята асабліва шчымлівае для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта іх прамая заслуга, што ў нас ёсць такое свята, што мы радуемся мірнаму дню. І ім – бясконцая падзяка.
Але колькі б мы ні гаварылі ўдзячных слоў – гэтага мала, адзначылі старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава  і артысты аўтаклуба аддзела культуры, якія
напярэдадні свята са словамі ўдзячнасці  завіталі да ветэранаў Обальшчыны.
Дэлегацыя наведала трынаццаць ветэранаў,  для кожнага знайшліся шчырыя ўдзячныя словы і музычныя падарункі.  Яны заслужылі такой павагі.  Напрыклад, Іван Сямёнавіч Абраменка з вёскі Пусташы ўзнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны. Ганарацца сваёй узнагародай – ордэнам Айчыннай вайны –   Мікалай Пятровіч Храмцоў і Іван Паўлавіч Барысевіч з Обалі. А вось Васіль Патапавіч Кажамякін з Обалі, які вызначыўся ў аперацыі “Баграціён”, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Ветэраны расказвалі пра сваё жыццё, пра праблемы,  згадалі і гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра ваенныя дзеянні брыгады імя Леніна расказала былая партызанка Надзежда Раманаўна Сабаршова.  Кацярыне Васільеўне Мацвеенка, якая ваявала ў партызанскім атрадзе, таксама было чым падзяліцца. А вось Генадзія Эдуардаўна Лысанава шчыра прызналася: “Вайну помню, сама ж была ў партызанскім атрадзе, а расказваць пра гэта не хачу. Гэта вельмі страшна. І я вельмі рада, што мае дзеці і ўнукі не бачаць вайны”.
“А ў мяне на руцэ назаўсёды застаўся знак вайны, – кажа ўдзельніца Обальскага падполля Аляксандра Фёдараўна Ганчарова. – Бачыце, засталіся лічбы 70021. Гэта знак Асвенцыма – канцлагера, адкуль мала хто вяртаўся. А мне пашанцавала – я выжыла. Прайшла праз пекла, праз непасільныя работы і здзекі. Але выжыла…”
У гэты ж дзень дэлегацыя завітала і да тых, хто мацаваў перамогу ў тыле ворага. За сваю самаадданую працу ў тыле ў часы Вялікай Айчыннай вайны ўзнагароджаны медалямі Міхаіл Антонавіч Банкетаў і Зоя Цімафееўна Малькова з Обалі, Кацярына Панцялееўна Ніканава з Лявонава.
Наведалі таксама бальніцу сястрынскага догляду ў Обалі. Тут пражывае Ефрасіння Дзмітрыеўна Барысенка, родныя якой загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
Завіталі і да самай старэйшай жыхаркі Обалі –  А. І. Баран, якой споўнілася 100 гадоў. На думку  Адэлі Іосіфаўны, самае галоўнае для жыцця на зямлі – гэта мір.  Таму жанчына лічыць Дзень Незалежнасці самым галоўным святам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №51 ад 02.07.2013 г.



1 комментарий по теме “Ветеранов Обольщины поздравил районный совет ветеранов вместе с автоклубом

  1. На всех фотографиях сначала Половникова ,а потом все ветераны. Не пора ли на пенсию. А то мания величия с каждым разом все больше и больше.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *