В животноводстве Шумилинского района накопилось немало проблемных вопросов

Актуалии Президент Экономика

Пра малако, расцёлы і парадак на фермах

У сярэдзіне кастрычніка ў гаспадарках раёна пачалі ставіць жывёлу на стойлавае ўтрыманне. Разам з гэтым прыбавілася клопату: своечасова завезці кармы, раздаць канцэнтраты, вычысціць гной. Малако, расцёлы і парадак на фермах – вось тыя асноўныя пытанні, якія былі ў цэнтры ўвагі кіраўнікоў і спецыялістаў галіны і абмяркоўваліся на рабочых  нарадах, што праходзілі ў раёне.
Пытанні вытворчасці малака абмеркавалі на нарадзе па жывёлагадоўлі кіраўнікі, заатэхнікі, ветурачы, эканамісты сельскагаспадарчых арганізацый, якую правёў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. У. Коваль.
Надой на карову па раёне за студзень-верасень склаў 2059 кілаграмаў. Лічба несуцяшальная, бо гэта менш  на 157 кг у параўнанні з  мінулым годам. Толькі адна гаспадарка раёна – ААТ “Лаўжанскае” –  выйшла на станоўчыя паказчыкі: надаіла 2714 кг (плюс 447 кг).
У верасні сітуацыя пачала папраўляцца: у параўнанні з мінулым годам маюць лепшыя вынікі чатыры гаспадаркі. Так, у ААТ “Лаўжанскае” вытворчасць малака склала 116%, у “Шумілінскім райаграсэрвісе” – 107,8%, у  ААТ “АграБаравінка” – 103%, у ААТ “Ляжні” – 102%.
Першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцоў прычыны такога хоць і невялікага, але поспеху бачыць у тым, што ў названых гаспадарках багата канюшыны, на якой і летам, і ў верасні пасвіліся статкі, таксама нядрэнна спрацавалі па ўзнаўленні статку, атрымалі добры прыплод. Так, у “Шумілінскім райаграсэрвісе” сёлета атрымана 967 цялят (плюс 185 да ўзроўню мінулага года), у ААТ “Лаўжанскае” – 534 (плюс 47), у ААТ “АграБаравінка” – 739 (плюс 29).
На пачатку мінулага тыдня пачалася пастаноўка жывёлы на “зімовыя кватэры” – на фермы былі пастаўлены 33 гурты кароў і 10 гуртоў цёлак, таму на нарадзе былі абмеркаваны пытанні стойлавага ўтрымання жывёлы.
*    *    *
24 кастрычніка на базе ААТ “Прыазёрны мір” прайшла калегія райсельгасхарчу, на якую былі вынесены пытанні стойлавага ўтрымання. На яе былі запрошаны кіраўнікі і галоўныя спецыялісты гаспадарак раёна. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве ўзялі старшыня райвыканкама А. І. Снараў і галоўны спецыяліст Віцебскага племпрадпрыемства У. А. Барысенка.
На фермах Непароты і Маркава, на якіх пабывалі ўдзельнікі калегіі, многае зроблена да зімоўкі жывёлы. Напрыклад, адрамантавана сістэма водапаення і выгульныя пляцоўкі. Толькі гэтага недастаткова. Але ў “Прыазёрным міры” ёсць праблемы з правільнай арганізацыяй кармлення, даення і асемянення кароў. Для эфектыўнай работы  трэба даіць кароў тры разы на дзень, варта арганізаваць штодзённае рэгулярнае двухразовае кармленне, падчас абедзеннай дойкі даваць жывёле канцэнтраты і ўвогуле не дапускаць халатнасці ў рабоце, адзначылі спецыялісты райсельгасхарчу.
Крытыкавалася работа “Прыазёрнага міру”  і па ўзнаўленні статку. Мець на сто кароў 29 цялят – такую лічбу і называць сорамна. Значыць, недапрацавалі асемянатары, ветурачы, заатэхнікі. У. А. Барысенка звярнуў увагу на якасць асемянення і на тое, што ў кожнай гаспадарцы раёна павінен быць створаны пункт штучнага асемянення, закуплена неабходнае абсталяванне. Пакуль у “Прыазёрным міры” гэтага няма. Ды і асемянатары не прыязджюць на фермы два разы на дзень, як гэтага патрабуе тэхналогія, таму і добрага выніку ў рабоце чакаць не прыходзіцца.
Падчас калегіі ішла размова пра сар-ціроўку жывёлы па фізіялагічным стане. Добрага прыкладу гэтага на фермах “Прыазёрнага міру” ўдзельнікі калегіі не ўбачылі: новацельныя каровы стаялі разам з сухастойнымі, на кароў не заведзены індывідуальныя карткі. Хаця пра гэтыя патрабаванні ведае і кіраўніцтва гаспадаркі, і загадчыкі фермаў.
“Слабае звяно” ў  “Прыазёрным міры” – афармленне пуцявых лістоў, адзначыў А. І. Снараў. Калі ў “Сіроцінскім”, “Ульскім”, “Прыдзвінскім”, “Лаўжанскім” і іншых гаспадарках  раёна з гэтым усё ў парадку, то ў “Прыазёрным міры” так і не апрацоўваюць пуцявыя лісты, не замяраюць рэшту паліва на канец змены, нават пасля некалькіх папярэджанняў. Ну, а калі няма кантролю, то як пазбегнуць крадзяжоў? Аляксандр Іванавіч крытыкаваў за гэта кіраўніцтва гаспадаркі. Ён адзначыў, што “Прыазёрны мір” увогуле не падрыхтаваўся да раённай калегіі.
Былі абмеркаваны і пытанні завяршэння палявых работ, узняцця зябліва і ўборкі кукурузы. Кіраўнік раёна завастрыў увагу на тым, што дырэктарам гаспадарак трэба паклапаціцца  пра тое, каб вывезці з палеткаў рулоны з  саломай, якая неабходна для пасцілкі жывёлы пры бяспрывязным утрыманні, а таксама для кармлення.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №85 ад 31.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *