“Флора-древ”: самая популярная продукция – бани и садовая мебель

Экономика

Арыенцір на тое, што мае попыт
За тыя чатыры гады, што ў бізнэсу, дырэктар ПГВУП “Флора-дрэў” Алег Судзько многаму навучыўся. Па-першае, ён і раней, калі браўся за новую справу, разумеў, наколькі нявыгадна самому асвойваць дзялянкі лесу. Але тады іншага выйсця не было. Сёння  кіраўнік гаворыць, што не за гарамі той час, калі дзелавы лес “Флора-дрэў” будзе браць гатовы, а не на пні.
Другое — піларама. Яе ён адкрыў у кастрычніку мінулага года. Яна прасілася, яна патрэбна была, як паветра. Хаця б для таго, каб укараніцца ў справе, каб развівацца, а не таптацца на месцы. Не збянтэжыў Алега Віктаравіча і фінансавы крызіс, прадпрымальнік адкрыў праз Цэнтр занятасці два рабочыя месцы і ўзяў бюджэтную пазыку. На гэтыя сродкі набыў абсталяванне, а тыя 20 мільёнаў, што пайшлі на рамонт закінутага будынка, знайшоў са сваіх свабодных грошай.
Гэта была, калі хочаце, першая запаветная мара прадпрымальніка. Сёння ў яго ёсць яшчэ адна ідэя — адкрыць свой сталярны цэх. Не, спачатку наладзіць сушыльную камеру, бо з сырых піламатэрыялаў годную рэч не зробіш. Тым больш на экспарт. А менавіта на экспартныя пастаўкі разлічвае А. В. Судзько: ёсць попыт, прапаноў шмат. Так што выкупіў на аўкцыёне будынак былой сталовай ПМК меліяратараў і неўзабаве возьмецца за рамонт. Вядома, зноў звернецца ў Цэнтр занятасці за пазыкай, зноў адкрые рабочыя месцы.
Вернемся ж да тэмы дзялянак. Доказам таго, што трэба з часам ад іх адыходзіць, служыць лясны масіў, які адвялі “Флора-дрэву” ў Лёзненскім лясгасе. Дзялянка на 380 кубаметраў. Зімой лес паклалі, а вывезлі ў канцы вясны, калі падсохла. І наогул ездзяць за сыравінай па ўсёй вобласці. Шмат дзелавой драўніны. Але ж хапае і дроў. Нарыхтоўваць і вывозіць прыватніку і ў арганізацыі А. У. Судзько эканамічна нявыгадна. Асабліва прыватніку. Праўда, прыватны заказчык разлічваецца адразу і наяўнымі грашыма. А гэта важна, не тое, што разлікі прыйдуць недзе праз паўгода ці нават пазней.
Зімой у “Флора-дрэў” быў па сутнасці “мёртвы сезон” на заказы, з вясны зноў ўсё закруцілася: і звоняць, і прыязджаюць на месца, на пляцоўку, дзе рубяць зрубы. Пераважна для лазні, бывае — і на жылы дом або хлеў. Разлічвалі на тое, што пойдуць у ход у людзей рубленыя альтанкі, — не пайшлі: не той, відаць, час. Не кожны можа дазволіць сабе  нятанную, скажам шчыра, аздобу на дачу ці на сядзібу. Хаця нядоўга прастаяла на пляцоўцы садовая мэбля — купілі. Так што не так усё і маркотна.  “Пайшлі” лазні. Сезон. Відаць, не надта высокія зарплаты перавялі псіхалогію чалавека на больш меркантыльныя рэйкі. Не прастойвае піларама…
За мінулы год адгрузілі прадукцыі, па словах галоўнага бухгалтара “Флора-дрэў” В. Л. Карнілавай, на 585 мільёнаў рублёў, заплацілі 100 мільёнаў падаткаў. Звязваюць нямала рукі і банкаўскія працэнты на крэдыты, што ўзялі на развіццё. За 2010 год гэтых працэнтаў “набегла” 27 мільёнаў рублёў. І яшчэ. А. В. Судзько хацеў бы часам узяць крэдыт на зарплату. Бывае, не хапае 5-6 мільёнаў, але крэдыты не даюць. Дзяржаўныя прадпрыемствы могуць узяць, а яго, прыватная фірма, не. Што, не давяраюць?
Тым не менш апускаць рукі дырэктар А. В. Судзько не збіраецца. За яго спінай калектыў з 13 чалавек (з ім, кіраўніком), у яго нямала планаў і задум, па натуры ён — аптыміст, а значыць, усё ў яго будзе нармальна.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №52 ад 12.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *