Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала Шумілінскай раённай бібліятэцы факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”

Культура Новости

“Кніжная спадчына Францыска Скарыны”

У рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала Шумілінскай раённай бібліятэцы факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Зборнік уключае 20 тамоў плюс адзін даведачны. Такі камплект атрымалі многія бібліятэкі і музеі рэспублікі.
Наогул, сёння вядома пра існаванне ў свеце 520 кніг Францыска Скарыны, асноўная іх частка ў Расіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі. Каля 50 краін валодаюць асобнікамі кніг першадрукара. У Беларусі знаходзіцца 28 кніг. Факсімільнае выданне каштоўнае тым, змяшчае ўсе творы першадрукара.
З розных краін свету былі атрыманы лічбавыя копіі вядомых выданняў нашага земляка, а з некаторымі арыгіналамі спецыялісты працавалі ўжывую. У выніку створана лічбавая калекцыя для шырокага выкарыстання.
Факсімільнае ўзнаўленне скарынаўскай спадчыны выкананае на высокім паліграфічным узроўні, з абсалютным захаваннем асаблівасцяў іх арыгіналаў, нават набытых з часам пашкоджанняў. Арыгінальныя тэксты былі ўпершыню перакладзены на сучасную беларускую, а таксама рускую і англійскую мовы.
“Гэта каштоўны падарунак для нашай бібліятэкі, – заўважыла намеснік дырэктара ЦБС Маргарыта Скуратава, калі прэзентавала выставу кніг у бібліятэцы, – мы плануем актыўна выкарыстоўваць зборнік у нашых мерапрыемствах і шматлікіх выставах, якія праводзіць бібліятэка”. Маргарыта Мікалаеўна ўпэўнена, што шматтомнік будзе цікавы шырокаму колу чытачоў, што гэты маштабны адукацыйны і культурна-гістарычны праект актуальны.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 01.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *